Італьянскія войны (1494—1559) — серыя ваенных канфліктаў паміж Францыяй, Іспаніяй і Свяшчэннай Рымскай імперыяй з удзелам іншых дзяржаў Заходняй Еўропы (Англія, Шатландыя, Швейцарыя, Венецыя, Папская вобласць і італьянскія гарады-дзяржавы), а таксама Асманскай імперыі, за ўладанне Італіяй і гегемонію ў Еўропе і Міжземнамор'і.

Узнікшы як дынастычная спрэчка за прастол Неапалітанскага каралеўства, Італьянскія войны хутка ператварыліся ў агульнаеўрапейскі канфлікт. З 1520-х гадоў галоўным складнікам гэтага канфлікту стала барацьба паміж Францыяй і Габсбургамі за дамінаванне ў Заходняй Еўропе. Ваенныя дзеянні адбываліся, галоўным чынам, на тэрыторыі Італіі, а таксама ў Нідэрландах. Палітычным вынікам войнаў стаў пераход Італіі пад уладу Іспаніі, замацаванне яе раздробненасці і адсоўванне італьянскіх дзяржаў на перыферыю еўрапейскіх міжнародных адносін.

Перадумовы 300px|thumb|left|Паўночная Італія ў 1494 годзе У 1454 годзе пасля серыі войнаў паміж Венецыяй, Міланам і Фларэнцыяй за ўладу ў Паўночнай Італіі быў заключаны Ладзійскі мір, да якога неўзабаве далучыліся Папа Рымскі, Неапалітанскае каралеўства і іншыя італьянскія дзяржавы. Была ўтворана Італьянская ліга, члены якой абавязаліся адмовіцца ад вырашэння канфліктаў ваеннай сілай і не заключаць саюзаў з трэцімі дзяржавамі. Мэтай лігі было ўсталяванне раўнавагі на Апенінскім паўвостраве і ўтрыманне Францыі па-за межамі Італіі. На працягу трыццаці гадоў ліга паспяхова выконвала свае задачы і, за выключэннем невялікіх сутычак, у Італіі панаваў мір. Аднак у 1490-х гадах становішча змянілася. У 1492 годзе сканаў Ларэнца Медычы, адзін з галоўных архітэктараў сістэмы італьянскай раўнавагі, і ў Фларэнцыі стаў кіраваць непапулярны П'етра II, які варожа ставіўся да Мілана і быў пасіўным у супрацьстаянні з Францыяй. У тым жа годзе Рымскім Папам быў абраны Аляксандр VI Борджыя, галоўнай мэтай палітыкі якога стала стварэнне ў Сярэдняй Італіі дзяржавы для роду Борджыя. Ужо ў 1493 годзе Аляксандр VI разам з Венецыяй і Міланам арганізаваў Лігу Святога Марка супраць Неапалітанскага каралеўства, якое падтрымала клан Арсіні — галоўных канкурэнтаў сямейства Борджыі ў Папскай вобласці.

Пачатковы перыяд

Першая італьянская вайна (1494—1496)

300px|thumb|left|Паход Карла VIII у Італію Пасля смерці неапалітанскага караля Фернанда I у 1494 годзе прэтэнзіі на прастол Неапаля заявіў французскі кароль Карл VIII, які даводзіўся сваяком манархам Анжуйскай дынастыі (якая кіравала ў Неапалітанскім каралеўстве ў 1266—1442 гадах). Гэтыя прэтэнзіі былі падтрыманы герцагам Міланскім Ладавіка Мора, а таксама Папам Аляксандрам VI, які канфліктаваў з Неапалем. Французскія войскі ўварваліся ў Італію, падпарадкавалі Фларэнцыю і, практычна не сустракаючы супраціўлення, у 1495 годзе занялі Неапаль. Аднак супраць Францыі неўзабаве склалася Венецыянская ліга італьянскіх дзяржаў, якія асцерагаліся празмернага ўзмацнення французскага ўплыву на паўвостраве. Да лігі далучыліся імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліян I і кароль Арагона Фердынанд II. Пад пагрозай апынуцца адрэзаным ад Францыі і, магчыма, з прычыны распаўсюджвання сіфілісу сярод яго салдат:9, Карл VIII пакінуў Неапаль. 6 ліпеня 1495 года французскія войскі сустрэліся з арміяй Венецыянскай лігі ў бітве пры Фарнова, і не здолеўшы дамагчыся перамогі, сышлі ў Францыю. У 1496 годзе іспанскія войскі ачысцілі тэрыторыю Італіі ад французскіх гарнізонаў, якія заставаліся ў крэпасцях, а гарнізон у Неапалі капітуляваў. Прызначаны Карлам VIII віцэ-каралём Неапаля, герцаг Манпансье памёр ад чумы, а д'Абіньі прывёў у Францыю рэшткі французскіх гарнізонаў.

Разгром Неапалітанскага каралеўства выклікаў крах балансу сіл на Апенінскім паўвостраве. Паміж італьянскімі дзяржавамі пачаліся сутыкненні, якія выліліся ва ўзброеныя канфлікты (вайна паміж Фларэнцыяй і Пізай (з 1494 года), барацьба паміж Папам і домам Арсіні, пачатак захопаў Чэзарэ Борджыя камун і сеньярый Сярэдняй Італіі). З іншага боку, каралі Францыі таксама не жадалі адмаўляцца ад сваіх планаў па захопе італьянскіх тэрыторый.

Другая італьянская вайна (1499—1504)

У 1498 годзе каралём Францыі стаў Людовік XII, былы герцаг Арлеанскі, які як унук Валянціны Вісконці прад'явіў прэтэнзіі на Міланскае герцагства. Францыя заключыла саюз з Венецыяй супраць Мілана і Габсбургаў і прыцягнула на свой бок Савою, Фларэнцыю і Папу Аляксандра VI. У ліпені 1499 года французская армія ўварвалася ў Ламбардыю і практычна без супраціўлення заняла Мілан. Герцаг Ладавіка Мора бег у Ціроль, дзе з дапамогай імператара Максіміліяна I набраў невялікую наёмную армію з швейцарцаў і ў 1500 годзе адбіў сваю сталіцу. Аднак неўзабаве французы атрымалі верх над швейцарцамі і паланілі Ладавіка Мора. Ламбардыя перайшла пад уладу Францыі, а Людовік XII абвясціў сябе герцагам Міланскім.

Поспехі ў Паўночнай Італіі дазволілі каралю Францыі аднавіць свае прэтэнзіі на Неапаль. У 1500 годзе ён заключыў Гранадскі дагавор з Фердынандам II Арагонскім аб падзеле Неапалітанскага каралеўства. У 1501 годзе французскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Неапаля, а іспанскі экспедыцыйны корпус высадзіўся ў Калабрыі. Неапалітанскі кароль Федэрыга здаўся на літасць пераможцаў. Да 1502 года Паўднёвая Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Іспаніяй. У той жа час Чэзарэ Борджыі захапіў Раманью і Урбіна, стварыўшы цэнтралізаваную дзяржаву ў Сярэдняй Італіі, і ўступіў у вайну з Фларэнцыяй. Аднак становішча ўскладнілася канфліктам паміж Францыяй і Іспаніяй за шэраг абласцей былога Неапалітанскага каралеўства (Базіліката, Абруцы). Былыя саюзнікі апынуліся ў стане вайны, поспех у якой спадарожнічаў іспанцам. У серыі пераканаўчых перамог (найважнейшай з якіх была бітва пры Гарыльяна) іспанская армія пад камандаваннем Гансала дэ Кордавы ў 1503 годзе разграміла французскія войскі і вымусіла іх пакінуць тэрыторыю Паўднёвай Італіі. Адначасова пазіцыі Францыі ў Сярэдняй Італіі былі падарваны смерцю Папы Аляксандра VI і ўзыходжаннем на прастол па-праіспанску настроенага Юлія II.

Людовік XII быў вымушаны пайсці на перамовы. Паводле Блуаскага міру 1505 года Францыя прызнала Неапалітанскае каралеўства ўладаннем Іспаніі, але захавала за сабой Ламбардыю і Геную. У выніку Паўднёвая Італія перайшла пад уладу іспанскага караля, у Паўночнай захавалася гегемонія Францыі, а ў Сярэдняй Італіі была адноўлена ўлада Папы Рымскага.

Абвастрэнне канфлікту

Вайна Камбрэйскай лігі (1508—1516)

200px|thumb|Папа Юлій II. Партрэт пэндзля Рафаэля, 1511—1512 Узыйшоўшы на Святы Прастол у 1503 годзе Папа Юлій II разгарнуў праграму стварэння ў Сярэдняй Італіі моцнай Папскай дзяржавы, здольнай супрацьстаяць замежным дзяржавам. Выгнаўшы Чэзарэ Борджыя, Юлій II далучыў яго ўладанні, аднак Рыміні і Фаэнца былі захоплены Венецыяй, якая стала галоўнай перашкодай для пашырэння папскай улады ў Сярэдняй Італіі. У той жа час абвастрыліся адносіны Венецыі з імператарам Максіміліянам I, які вырашыў каранавацца ў Рыме, але не быў прапушчаны войскамі рэспублікі. У 1508 годзе імперская армія паспрабавала ўварвацца на тэрыторыю Венецыі, але была адбіта, а венецыянцы акупавалі Рыеку і Трыест. Узмацненне Венецыі згуртавала супраць яе еўрапейскія дзяржавы: у 1508 годзе была сфарміравана антывенецыянская Камбрэйская ліга, у якую ўвайшлі Папа Юлій II, імператар Максіміліян I, кароль Арагона Фердынанд II і кароль Францыі Людовік XII.

У 1509 годзе іспанскія войскі захапілі венецыянскія порты ў Апуліі, армія Папы ўварвалася ў венецыянскую Раманью і заняла Равену, Венгрыя атакавала Далмацыю, а армія Савоі высадзілася на Крыте. Адначасова войскі імператара захапілі Рэверэта і Верону, а французская армія разграміла венецыянцаў у бітве пры Аньядэла. Венецыянская рэспубліка апынулася пад пагрозай поўнага знішчэння. Аднак поспехі дыпламатыі Венецыі і рознагалоссі ў стане саюзнікаў, занепакоеных узмацненнем французскага ўплыву ў Паўночнай Італіі, пераламалі сітуацыю. Коштам саступкі Равены і Раманьі рэспубліка ў 1510 годзе дамаглася заключэння сепаратнага міру з папам, а адмовіўшыся ад апулійскіх портаў — з Іспаніяй. Імперскія войскі былі адбіты. Тым не менш, французы акупавалі Раманью, нягледзячы на супраціўленне венецыянска-папскіх атрадаў.

У 1511 годзе Папе ўдалося сфарміраваць новы саюз, гэтым разам супраць Францыі. У склад «Свяшчэннай лігі», арганізаванай Юліем II, увайшлі Венецыя, Іспанія, Англія, а трохі пазней — і імператар Максіміліян I. Хоць першапачаткова поспех спадарожнічаў французам, якія пад камандаваннем Гастона дэ Фуа захапілі Брэшыю і разбілі іспанцаў у бітве пры Равене, у 1512 годзе перавага пачала схіляцца на бок саюзнікаў. У Ламбардыю ўварвалася найманая на папскія грошы армія швейцарцаў, якая заняла Мілан і аднавіла на прастоле герцага Максіміліяна Сфорцы, ператварыўшы Міланскае герцагства ў пратэктарат Швейцарыі. Папска-іспанскія войскі таксама перайшлі ў наступ і адбілі ў французаў Парму, П'ячэнцу і Рэджа. Спробы Францыі ў 1513 годзе адваяваць Мілан праваліліся: у бітве пры Навары войскі Людовіка XII былі ўшчэнт разбіты швейцарцамі.

Няўдачы французаў прымусілі Венецыю зноў пайсці на збліжэнне з Францыяй і скласці ў 1513 годзе саюз з Людовікам XII. Венецыянскія войскі захапілі Фрыўлі, але пацярпелі паражэнне ад іспанскай арміі ў бітве пры Ла-Моце. На французскім узбярэжжы высадзіліся войскі англійскага караля Генрыха VIII, якія, атрымаўшы перамогу пры Гінгаце, занялі Тэруан. На дапамогу Францыі прыйшла Шатландыя, аднак яе армія была разбіта англічанамі ў бітве пры Флодэн-Філдзе, а шатландскі кароль Якаў IV быў забіты. Аднак «Свяшчэнная ліга» неўзабаве пачала развальвацца. Генрых VIII у 1514 годзе заключыў сепаратны мір з Францыяй, а смерць Юлія II у 1513 годзе пакінула саюзнікаў без лідара. Новы Папа Леў X не адрозніваўся ваяўнічасцю і схіляўся да прымірэння з Францыяй.

У 1515 годзе французская армія пад камандаваннем новага караля Францыі Францыска I уварвалася ў Італію і, абапіраючыся на саюз з Венецыяй, у бітве пры Марыньяна разграміла швейцарскія войскі. Неўзабаве французы ўвайшлі ў Мілан. На сустрэчы Францыска I і Папы Льва X у Балонні было ўзгоднена спыненне ваенных дзеянняў паміж дзвюма дзяржавамі, прычым Парма і П'ячэнца павінны былі адысці да Францыі. Паводле Нуаёнскага дагавора 1516 года Папа і кароль Іспаніі Карл I прызналі правы французскага караля на Ламбардыю ў абмен на яго адмову ад прэтэнзій на Неапаль. Вайна завяршылася ў 1517 годзе заключэннем міру паміж Венецыяй і імператарам, паводле якога рэспубліка страчвала Рэверэта, але захоўвала Крэмону. Такім чынам Паўночная Італія апынулася падзеленай паміж Францыяй і Венецыяй.

Першая вайна Францыска I і Карла V (1521—1526)

200px|thumb|Карл V, імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі і кароль Іспаніі Новы этап у Італьянскіх войнах пачаўся ў 1519 годзе з узыходжаннем іспанскага караля Карла I на прастол Свяшчэннай Рымскай імперыі пад імем Карла V. Пад яго ўладай былі аб'яднаны велізарныя ўладанні ў Еўропе: Германія, Нідэрланды, Іспанія, Сіцылія, Неапаль, што дазволіла таксама высунуць прэтэнзіі на Мілан і Бургундыю. У той жа час распачатая ў Германіі Рэфармацыя, барацьбу з якой узначаліў Карл V, забяспечыла імператару падтрымку папства. У 1521 годзе ваенныя дзеянні ў Італіі аднавіліся. Іспана-імперская армія нечакана атакавала Ламбардыю і захапіла Мілан. Французскія войскі былі разбіты ў бітве пры Бікоцы. Папа зноў заняў Парму і П'ячэнцу. У 1522 годзе іспанская армія акупавала Геную. У наступным годзе Венецыя заключыла сепаратны мір з саюзнікамі, саступіўшы Градзішку Аўстрыі, а англійскія войскі атакавалі Пікардыю. Да канца 1524 года французскія войскі былі цалкам выцеснены з Італіі, а іспанскі флот аблажыў Марсель.