Бургундскае герцагства () — сярэдневяковае герцагства, якое склалася на землях былога каралеўства Бургундыя, што ляжалі на захад ад Соны і адышлі паводле Вердэнскага дагавора 843 года да Францыі. Гістарычным ядром герцагства было графства Ацён, сталіцай Дыжон. Сучасныя дэпартаменты Кот-д’Ор і Сона і Луара прыкладна адпавядаюць тэрыторыі герцагства Бургундыя.

Гісторыя герцагства Франкская Бургундыя

Паходжанне герцагства звязана з франкскім каралеўствам Бургундыя, што існавала з перапынкамі з VI па VIII стагоддзе ў якасці аднаго з трох асноўных каралеўстваў Меравінгаў, нароўні з Аўстразіяй і Нейстрыяй. Франкская Бургундыя, у сваю чаргу, займала тэрыторыю рассялення старажытнагерманскага племя бургундаў, заваяваных у 534 г. сынамі Хлодвіга I. Пасля ўтварэння імперыі Карла Вялікага гэтыя землі былі ўключаны ў склад адзінай Франкскай дзяржавы.

Маркграфства Бургундыя (843—863) thumb|350px|Бургундскія графствы ў IX стагоддзі На тэрыторыі будучага герцагства ўжо ў VIII стагоддзі сталі ўтварацца графствы. Пасля разгрому арабскай арміі ў бітве пры Пуацье, у 733 годзе Карл Мартэл падпарадкаваў сабе Бургундыю, раздаўшы ўладанні сваім набліжаным. Ён утварыў графствы Шалон, дзе графам стаў АдалардХутчэй за ўсё пляменнік Карла Мартэла. Адалард лічыцца родапачынальнікам першага дому Вержы, які кіраваў у графстве Шалон да сярэдзіны X стагоддзя., і Ацён, графам якога стаў ТэадэрыкРодапачынальнік Ацёнскага дому..

У 843 годзе кароль Карл Лысы перадаў графствы Ацён, Аксуа і Дэсмуа графу Гверыну (пам. 853), які ўжо валодаў у той час бургундскімі графствамі Шалон, Макон і Мермантуа, што зрабіла яго самым магутным феадалам у Бургундыі. З гэтага моманту Гверын стаў маркграфам ці маркізам Бургундыі. Яго асноўнай рэзідэнцыяй быў Шалон. Маркграфства праіснавала да 864 года, калі граф Гумфрыд (Анфруа) выказаў непадпарадкаванне Карлу Лысаму. Кароль накіраваў войскі ў Бургундыю і захапіў уладанні Гумфрыда, раздаўшы іх, а сам Гумфрыд бег спачатку ў Італію, а потым у Швабію.

У 872 годзе графства Ацён, Макон і Шалон ізноў апынуліся аб’яднаны ў руках графа Экхарда II (810—877), але цэнтрам яго ўладанняў ужо быў не Шалон, а Ацён. Пасля яго смерці графства зноў было падзелена, але ў 879 г. граф Базон В'енскі (850—887), уладальнік практычна ўсёй даліны Роны і Соны (Праванс, В’ен, Ліён, Макон, Шарале) далучыў Ацён да сваіх уладанняў. У тым жа годзе Базон быў абраны бургундскай знаццю каралём Бургундыі, што прывяло да выступлення супраць яго каралёў Францыі і Германіі. У канцы 880 года Ацён, Безансон, Шалон, Макон і Ліён былі захоплены і перайшлі пад кантроль Каралінгаў. Ацён быў аддадзены брату Базона, Рычарду Заступніку (каля 856—921), які захаваў вернасць Каралінгам. Ацёнскае графства стала ядром, вакол якога ўтварылася Бургундскае герцагства. Паслядоўна атрымаўшы Невер, Асер, Сенс і Труа, Рычард значна павялічыў свае ўладанні. Акрамя таго да 898 годзе сюзерэнітэт Рычарда прызнавалі сямнаццаць з васямнаццаці бургундскіх графстваў (акрамя Макона, які належаў герцагу Аквітаніі Гільёму I), і кароль Карл III прызнаў за ім тытул маркграфа Бургундыі, у 918 — герцага Бургундыі.

Герцагства Бургундыя ў канцы IX — першай палове X ст. thumb|350px|Бургундыя ў XI і XII стагоддзях. Рычард быў вельмі прыкметнай фігурай у гісторыі Францыі. Быўшы прыхільнікам Каралінгаў, Рычард падтрымліваў Карла Дурнаватага, што прывяло яго да супрацьстаяння з Раберцінамі і графам Вермандуа. Стаўшы самым магутным феадалам у Бургундыі, ён абвясціў сябе маркізам Бургундыі, што было прызнана каралём Эдам у 898 годзе, а ў 918 кароль Карл прызнае за Рычардам тытул герцага Бургундыі. Ён распаўсюджвае свой кантроль таксама на біскупствы Ацён, Лангр і Труа. Паколькі каралём Верхняй Бургундыі быў брат жонкі Рычарда, Рудольф I, а каралём Ніжняй Бургундыі пляменнік, Людовік III, сувязі паміж двума каралеўствамі і герцагствам былі вельмі цеснымі.

Пасля смерці караля Эда ў 898 г. Рычард мог прэтэндаваць на каралеўскі тытул, але ён падтрымаў Карла Дурнаватага. Пачынаючы з 901 года Рычард займаў у каралеўскім савеце першае месца.

Тым часам пачасціліся набегі нарманаў на Францыю. У 888 годзе яны дайшлі да Бургундыі, дзе спустошылі горад Без'е. У 892 і 898 Рычард змог паспяхова адбіць чарговыя набегі нарманаў, а ў 911 у саюзе Робертам Нейстрыйскім і Эблем дэ Пуацье разбіў нарманаў пад правадырствам Ралона пры Шартры. У 918 г. Рычард быў абвешчаны герцагам Бургундыі. Сталіцу ён перанёс з Ацёна ў Дыжон.

Пасля смерці Рычарда ў 921 г. яго спадчыннікам стаў старэйшы сын Рауль, а другі сын, Гуга Чорны, стаў архі-графам БургундыіАрхі-граф Бургундыі — кіраўнік зямель па іншы бок Соны, з якіх у XI стагоддзі ўтварылася графства Бургундыя.. Пасля гібелі караля Роберта I у бітве пры Суасоне ў 923 годзе, шэраг буйных феадалаў каралеўства, не жадаючы перадаваць карону Карлу Дурнаватаму, арганізавалі выбары караля. Гуга Вялікі, сын Роберта, разважліва адмовіўся ад кароны (ён асцерагаўся, што, калі пакіне свае графствы, страціць свой уплыў на магнатаў). Пасля гэтага выбар баронаў паў на Рауля Бургундскага, жанатага на дачцэ Роберта, і 13 ліпеня 923 года ён быў каранаваны ў Сен-Медары дэ Суасон.

Увосень 924 г. у Бургундыю з паўночнага захаду ўварваліся нарманы на чале з герцагам Ралонам, рабуючы ўсё на сваім шляху. Кароль Рауль тым часам знаходзіўся ў Латарынгіі, а дарогу арміі заступілі графы Манасія II Лангрскі і Гарнье дэ Труа. У выніку Гарнье загінуў, але напад быў адбіты з дапамогай Гуга Вялікага і Рауля, якія падаспелі на дапамогу. Нарманы былі разбіты, і Рауль пераследваў іх да Нармандыі, пакуль Ралон не запытаў міру. У абмен на яго абяцанне спыніць разбойніцкія набегі Рауль дараваў яму шэраг тэрыторый. У канцы таго ж года, 6 снежня 924 года, Рауль пры Шальмоне нанёс страшнае паражэнне іншаму правадыру вікінгаў, Рагенольду. У тым жа годзе Рауль правёў у Ацёне і Шалоне некалькі асамблей, каб нейтралізаваць бургундскіх сеньёраў, перш за ўсё графа Шалона Жыльбера.

Улетку 925 года нарманы зноў парушылі мір. Рауль з дапамогай Герберта II дэ Вермандуа, Эльго дэ Панцьё, Арнульфа I Фландрскага і яго брата Адалольфа Булонскага зноў атрымлівае буйную перамогу. Аднак у наступным годзе нарманы ўзялі рэванш і ў бітве пры Фокембергу (каля Тэруана) разбілі каралеўскае войска. У гэтай бітве загінуў Эльго дэ Панцьё, а Рауль, цяжка паранены, адступіў да Лана. Нарманы спустошылі землі да самых граніц з Латарынгіяй.

У 926 годзе памёр Ражэ I, граф Лана, і Герберт II дэ Вермандуа запатрабаваў графства Лануа для свайго старэйшага сына, Эда. Рауль запярэчыў гэтаму, але ўрэшце саступіў са страху, што Герберт II вызваліць Карла Дурнаватага, якога ён трымаў у няволі ў Пероне.

Пасля смерці Карла Дурнаватага, якая адбылася 7 кастрычніка 929 года, пазіцыі Рауля значна ўмацаваліся. Шэраг буйных васалаў кароны прызнаюць яго каралём. Так, у 930 годзе герцаг Вільгельм Доўгі Меч, які змяніў свайго памерлага бацьку Ралона, прынёс яму амаж. Таксама прысягнуўся Раулю яго кузен, граф В'ена Карл-Канстанцін, дзякуючы чаму ў сферу ўплыву французскага каралеўства ўвайшлі Ліянэ і В'енуа.

Аднак Герберт II дэ Вермандуа не супакоіўся і ў гэтым жа годзе захапіў замак Вітры-ан-Пертуа, які належаў Базону, малодшаму брату Рауля. У адказ на гэта Рауль у саюзе Гуга Вялікім распачаў вайну з Гербертам II. У 931 годзе іх аб’яднаная армія пракралася ў Рэймс і прагнала архібіскупа Гуга, сына Герберта II. Герберт II саступіў і аддаў Вітры, Лан, Шато-Цьеры і Суасон. Аднак неўзабаве ён атрымаў дапамогу ад караля Генрыха I Птушкалова і спустошыў землі вакол Рэймса і Лана. Вайна скончылася тым, што Рауль вярнуў Герберту II усе землі за выключэннем Рэймса, Шато-Цьеры і Лана.

У 931/932 г. Рауль быў вымушаны падушыць мяцеж графаў Шалона Жыльбера і Сенса Рычарда, выкліканага канфіскацыяй каралём замка Авалон.

У 935 годзе ў Шампань і Бургундыю ўварваліся венгры. Рауль нанёс ім паражэнне і адкінуў іх за межы свайго каралеўства. У тым жа годзе Рауль заключыў пагадненне з каралём Германіі Генрыхам Птушкаловам адносна Латарынгіі, якая засталася ў складзе Германіі. Брат Рауля, Базон, які валодаў у Латарынгіі абацтвамі Мармуцье і Рэмірмон, а таксама шэрагам іншых зямель, прынёс прысягу каралю Генрыху. Тады ж Рауль прызначыў Базона, сына графа Сенса Гарнье, віконтам Дыжона.

15 студзеня 936 года, пасля 13 гадоў неспакойнага валадарання, кароль Рауль раптам памёр у Асеры ад «заразнай хваробы». У Бургундыі яго спадчыннікам стаў брат Гуга, які не стаў прэтэндаваць на каралеўскі тытул. Акрамя герцагства Бургундыя ён валодаў графствамі Макон і Ліён.

Гуга адмовіўся прызнаць каралём Людовіка IV. Людовік і Гуга Вялікі захапілі Лангр і Паўночную Бургундыю. Позняй восенню Гуга Чорны заключыў мір з каралём, паводле якога шэраг графстваў у Паўночнай Бургундыі (Асер, Труа, Сенс) адышлі да Гуга Вялікага, а Паўднёвая Бургундыя з Ланграм, Дыжонам і абацтвам Сен-Жэрмен засталіся ў руках у Гуга Чорнага. У 937 г. Гуга Чорны падтрымліваў караля ў паходах у Латарынгію, а таксама ва ўварванні ва ўладанні на іншым беразе Соны (будучае графства Франш-Кантэ), скарыстаўшыся маленствам караля Бургундыі Конрада. Але пасля ўварвання караля Германіі Атона I у 940 г. Гуга быў вымушаны здацца і абяцаць Атону заставацца ўбаку ад барацьбы.

Пасля смерці Гуга Чорнага ў 952 г. герцагства перайшло да яго швагра Жыльбера дэ Вержы, графу Шалона. Але ў яго не было сыноў, таму яшчэ пры жыцці Жыльбер перадаў усе правы на герцагства Гуга Вялікаму, які ажаніў са старэйшай дачкой Жыльбера, Ліегардзе, свайго другога сына Атона, які ў выніку атрымаў у спадчыну пасля смерці Жыльбера ў 956 г. Бургундыю. Другая дачка, Адэлаіда, выйшла замуж за Ламберта, малодшага сына Роберта, віконта Дыжона, якому прынесла Шалон.

Герцагства ў другой палове X стагоддзя пад кіраваннем Раберцінаў thumb|right|195px Праз 2 месяца пасля смерці герцага Жыльбера памёр Гуга Вялікі, пакінуўшы трох малалетніх сыноў (Гуга Капета, Атона і Эда-Генрыха), апекуном якіх стаў герцаг Нармандыі Рычард I. Паколькі Атон быў непаўналетнім, кароль Францыі Лотар далёка не адразу пагадзіўся дараваць таму інвестытуру на герцагства.

У 957 годзе ў Бургундыі ўспыхнуў мяцеж графа Мо Роберта I, які быў жанаты з малодшай дачкой Жыльбера, Адэллю/Веры, і прад'явіў права на частку Бургундыі. Кароль Лотар пачаў паход у Бургундыю, у выніку чаго Роберт быў вымушаны падпарадкавацца і здацца на літасць караля. У выніку Роберту, мяркуючы па ўсім, дасталася графства Труа.

У пачатку 958 года паўстаў іншы бургундскі сеньёр. Рауль, віконт Дыжона, старэйшы брат графа Шалона Ламберта, вырашыў павялічыць свае ўладанні за кошт спадчыны Жыльбера. Ён захапіў жонку Атона Ліегарду, а таксама замок Бон. Паводле слоў храніста, ён ажаніўся з ёй. Але гэта дзёрзкая задума поспеху не мела, 1 мая Атон атрымаў назад Бон і жонку.

Увосень 958 года кароль Лотар пачаў новы паход у Бургундыю. 11 лістапада ў вёсцы Марзі пад Неверам была сабрана асамблея, варожая герцагу Аквітаніі Гільёму Кудлатаму, дзе кароль вырашыў падтрымаць прэтэнзіі Раберцінаў на герцагства Аквітанія. Але неўзабаве паміж каралём і Гуга Капетам адбыўся раскол, паколькі кароль вырашыў прысвоіць сабе некалькі бургундскіх гарадоў, у тым ліку Дыжон. Ён паводзіў сябе ў Бургундыі як суверэнны кіраўнік. Гэта прывяло Раберцінаў у лютасць. Толькі ўмяшанне Бруна, герцага Латарынгіі, які даводзіўся ім дзядзькам і спешна прыбыў у Бургундыю з Латарынгскай арміяй, дазволіла пазбегнуць вайны. Прымірыць праціўнікаў яму не ўдалося, але было заключана перамір'е.