Смаляк — прасмоленая драўніна хвойных парод (галоўным чынам хвоі звычайнай; радзей сібірскага кедра), падзеленая на кавалкі і вычышчаная ад кары, грунта і гнілі.
Прасмольванне драўніны адбываецца з-за адмірання жывых клетак, смаляных хадоў у выніку ранення смаланоснай сістэмы. Жывіца, якая выцякае з адмерлых або пашкоджаных смаляных хадоў запаўняе трахеіды і міжклетнікі, насычае сценкі клетак. Найбольшае значэнне мае пнёвы смаляк — натуральна прасмоленая на працягу 10-15 гадоў (пасля рубкі) ядровая частка выкарчаваных пнёў (уключаючы карані). Таксама ў якасці смаляку могуць выкарыстоўвацца гладкія нарасты, якія выраслі на ствалах хвойных дрэў і адрозніваюцца павышаным утрыманнем смалы.
У смаляку змяшчаецца каля 13 % (і больш) смаляных і тлустых кіслот і іх кіслародзмяшчальных вытворных, 3-5 % монатэрпенаў, тэрпенавых спіртоў і інш. Смаляк ужываецца ў якасці тэхналагічнай сыравіны для атрымання экстракцыйнай каніфолі, шкіпінару і іншых лесахімічных прадуктаў. З адной тоны смаляку шляхам апрацоўкі арганічнымі растваральнікамі (звычайна бензінам) з наступнай перапрацоўкай экстракту атрымліваецца 75-120 кг каніфолі, 25-35 кг шкіпінару і 3-7 кг флатацыйнага алею.
Літаратура
Гордон Л., Скворцов С., Лисов В. Технология и оборудование лесохимических производств.— 5 изд. — М., 1988. Осмол // Лесная энциклопедия: в 2-х т. / гл. ред. Воробьев Г. И.; ред. колл.: Анучин Н. А. и др. — М.: Сов. энциклопедия, 1986. — Т. 2. — 631 с., илл.
Катэгорыя:Смолы Катэгорыя:Лесаматэрыялы