Аляксандр Серафімавіч Серафімовіч (сапраўднае прозвішча — Папоў; , станіца Ніжнекурмаярская, Вобласць Войска Данскога — 19 студзеня 1949, Масква) — рускі пісьменнік, журналіст, вайсковы карэспандэнт.
Біяграфія
Нарадзіўся 7 (19) студзеня 1863 года ў станіцы Ніжнекурмаярская (цяпер Цымлянскага раёна Растоўскай вобласці). Бацька — данскі казак, быў палкавым скарбнікам, есавулам Войска Данскога. Дзіцячыя гады правёў у Польшчы, дзе служыў яго бацька. У 1873 годзе вярнуўся з сям’ёй на Дон у станіцу Усць-Мядзведзіцкую.
Скончыў Усць-Мядзведзіцкую гімназію (1883). Паступіўшы ў 1883 у Пецярбургскі ўніверсітэт, на фізіка-матэматычны факультэт, Аляксандр Папоў трапіў у асяроддзе рэвалюцыйнага студэнцтва, пазнаёміўся з марксізмам. За ўдзел у рэвалюцыйным руху (разам з А. І. Ульянавым) і ў сувязі з замахам на Аляксандра III А. Папоў быў арыштаваны і высланы ў Архангельскую губерню. Падчас ссылкі напісаў у Пінезе сваё першае апавяданне «На крызе», якое было пад псеўданімам Серафімовіч апублікавана ў газеце «Русские ведомости» ў 1889 годзе. Па сканчэнні высылкі А. Серафімовіч жыў на Доне пад наглядам паліцыі, працягваючы сваю літаратурную дзейнасць.
У 1902 годзе перасяліўся ў Маскву, быў удзельнікам літаратурнай групы «Среда». Пазнаёміўся з Максімам Горкім, стаў супрацоўнічаць у выдавецтве «Знание».
У час Першай сусветнай вайны быў вайсковым карэспандэнтам газеты «Русские ведомости».
Безумоўна прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю. У 1918 годзе ўзначальваў літаратурны аддзел газеты «Известия». Член РКП(б) з 1918 года.
З лістапада 1926 па жнівень 1929 года быў галоўным рэдактарам часопіса «Октябрь». Дэлегат XVI з’езда ВКП (б). Адзін з арганізатараў Саюза пісьменнікаў СССР. У 1934 годзе абраны ў склад Прэзідыума кіравання СП СССР. Лаўрэат Сталінскай прэміі (1943).
Памёр 19 студзеня 1949 года. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках (пляцоўка № 1).
Творчасць Літаратурны дэбют адбыўся ў 1889 годзе. Першая кніга — «Апавяданні і нарысы» (1901). У ранніх творах раскрываў драматызм штодзённай барацьбы чалавека за выжыванне. Серафімовіч дае цвярозы аналіз грамадскіх супярэчнасцей Расіі канца 19 стагоддзя, засноўваючыся на багатым запасе назіранняў з жыцця сялянства, казацтва і іншых пластоў народа. У аповесці «Пяскі» (1908), рамане «Горад у стэпе» (1912) — маральная праблематыка, звязаная з развіццём капіталізму ў горадзе. Раман «Жалезны паток» (1924), у аснове якога гістарычны факт — паход Таманскай арміі ў 1918 годзе цераз Каўказскі хрыбет для ўз’яднання з Чырвонай Арміяй, лічыўся класікай сацыялістычнага рэалізму. Аўтар нарысаў пра калектывізацыю (серыя «Па данскіх стэпах», 1931), грамадзянскую і Вялікую Айчынную войны, артыкулаў пра літаратуру.
На беларускую мову яго творы перакладалі С. Іва, П. Місько, С. Хурсік і інш.
Бібліяграфія Собр. соч. Т. 1—7. М., 1959—60.
Беларускія пераклады Вераб’іная ноч: Алавяданні. Мн., 1930; Горад у стэпу. Мн., 1930; Жывы астрог: Апавяяанні. Мн., 1930; Сопка з крыжамі: Апавяданні. Мн., 1930; У нумары. Мн., 1930; У сям’і: Апавяданне. Мн., 1930; Працавітыя юнакі: Апавяпанні. Мн., 1931; Стачка. Мн., 1932; Жалезны паток. 3 выд. Мн., 1936; Апавяданні. Мн., 1937 (на вокл.: 1938).
Узнагароды і прэміі ордэн Леніна (1933) ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (18.1.1943) ордэн «Знак Пашаны» (31.01.1939) медалі Сталінская прэмія першай ступені (1943) — з фармулёўкай «За шматгадовыя выбітныя дасягненні ў літаратуры»; у гады Вялікай Айчыннай вайны перадаў яе ў Фонд абароны.
Літаратура
Спасылкі
В. А. Разумный Воспоминания современника об А.Серафимовиче
Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў СССР Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Бальшавікі Катэгорыя:Пісьменнікі Расіі Катэгорыя:Пісьменнікі-сацрэалісты Катэгорыя:Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі Катэгорыя:Данскія казакі Катэгорыя:Пахаваныя на Новадзявочых могілках Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі XX стагоддзя Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі XIX стагоддзя