Візанты́йскі абра́д (чын), або Грэ́часкі абра́д (чын) — адзін з усходніх літургічных абрадаў, які выкарыстоўваецца ў Праваслаўных і Грэка-Каталіцкіх Цэрквах, а таксама, хаця і вельмі рэдка, у рэлігійных арганізацыях, якія не могуць быць аднесеныя ні да праваслаўя, ні да каталіцтва. Развіццё абраду пачалося ў IV стагоддзі ў Канстанцінопале, і зараз гэта самы распаўсюджаны абрад у згаданых Цэрквах (пасля рымскага). Спачатку ў якасці літургічнай мовы ў візантыйскім абрадзе выкарыстоўвалася грэчаская мова, але пасля распаўсюджвання абраду на тэрыторыі пражывання славянскіх народаў, а таксама дзякуючы дзейнасці Кірыла і Мяфодзія, адначасова з грэчаскай стала выкарыстоўвацца царкоўнаславянская мова. Пасля Другога Ватыканскага Сабору (XXI Сусветны Сабор у Каталіцкай Царкве) у візантыйскім абрадзе актыўна пачалі выкарыстоўвацца нацыянальныя мовы.

Да абраду таксама маюць дачыненне архітэктурныя і іканапісныя асаблівасці, літургічныя музыка і адзенне, парадак посту, традыцыі і г. д.

У візантыйскім абрадзе больш строгі пост, чым у рымскім: у звычайны час пост не толькі ў пятніцу, але і ў сераду. У розных традыцыях і Цэрквах пост захоўваецца па-рознаму: дзесьці забараняецца толькі мяса, а дзесьці забараняецца ўся ежа жывёльнага паходжання. Таксама ёсць чатыры посных перыяды: Вялікі, Пятроў, Успенскі і Філіпаў пост. На сённяшні дзень, у візантыйскім абрадзе практыкуюцца Літургіі Яна Залатавуснага, Васіля Вялікага, Апостала Якава і Раней асвячаных Дароў.

Гісторыя Першапачаткова на ўсходзе былі дзве асноўныя традыцыі: антыяхійская ў Сірыі і александрыйская ў Егіпце. Шмат літургістаў лічаць, што ў першыя стагоддзі з антыяхійскай традыцыі выдзелілася сіра-азійская група, а ў IV стагоддзі сфарміраваўся асаблівы абрад, сучасную варыяцыю якога называюць візантыйскім, ці грэчаскім.

Грэка-каталіцкі архімандрыт Роберт Тафт у сваёй працы «Візантыйскі царкоўны абрад. Кароткі нарыс» вылучае пяць асноўных перыядаў у гісторыі абраду:

Палеавізантыйская, ці «даканстанцінавая», эра (?-325): практычна нічога не вядома. «Імперская» эра (325-610): асабліва яскравая з часоў кіравання імператара Юстыніяна I. У гэты час фарміруецца саборнае богаслужэнне. «Цёмныя стагоддзі» (610-850): абрад становіцца падобным да таго, што практыкуецца сёння. Студыцкая эра (850-1204): адбываецца шмат рэформаў у дачыненні да Еўхарыстычнага чыну. Неасаваіцкі сінтэз Лацінскай Імперыі (1204-1261): канчатковае фарміраванне абраду.

Далейшыя рэформы абраду пасля падзей, якія апісаў айцец Роберт Тафт, былі не такімі значнымі, але ўсё жа трэба звярнуць увагу на тое, што абрады развіваліся і далей, асабліва ў XIX-XX стст., калі пачалі з’яўляцца новыя дзяржавы, якія атрымлівалі свае ўласныя Цэрквы. Напрыклад, ва Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве абрад адрозніваецца ад Рускай Грэка-Каталіцкай Царквы, дзе абрад такі ж самы, як і ў Рускай Праваслаўнай Царкве.

У сярэдзіне XVII ст. на тэрыторыі сучаснай Расіі падчас рэформаў Нікана абрад быў падведзены да таго варыянту, што ў той момант існаваў на тэрыторыі сучаснай Грэцыі. Перадгісторыяй сітуацыі было тое, што, з прычыны канфлікту Праваслаўных Цэркваў у Расіі і Грэцыі, Расія пайшла ў ізаляцыю ад астатняга візантыйскага рэлігійнага свету. Менавіта таму да рэформаў Нікана візантыйскі абрад у Расіі выглядаў гэтак жа, як у Грэцыі некалькі стагоддзяў раней. Прыхільнікі старой рускай формы візантыйскага абраду захаваліся і сёння — гэта, так званыя, стараабрадцы, ці стараверы.

Адначасова рэформы адбываліся і ў межах Грэка-Каталіцкіх Цэркваў: напрыклад, у 1720 годзе нашчадкі Берасцейскай Царкоўнай Уніі правялі Замойскі Сінод, які ўніфікаваў грэка-каталіцкія богаслужэнні на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Богаслужэнні

Боская Літургія Візантыйскі абрад налічвае чатыры варыянты Боскай Літургіі:

Літургія Яна Залатавуснага: з’яўляецца асноўнай формай Боскай Літургіі, якая адпраўляецца заўсёды, акрамя выпадкаў, калі служыцца іншая Літургія. Літургія Васіля Вялікага: адпраўляецца некалькі разоў на год у наступныя дні: Дзень памяці Святога Васіля Вялікага; Вігілія і дзень перад Хрышчэннем Гасподнім; 1, 2, 3, 4 і 5 нядзелі Вялікага Посту. Вялікі чацвер і Вялікая субота. Літургія Раней Асвячаных Дароў: па сутнасці, з’яўляецца Вячэрняй, звязанай з Еўхарыстыяй. На гэтай Літургіі адсутнічае Праскамідыя. Адпраўляецца ў час Вялікага Посту, акрамя суботы (Яна Залатавуснага) і нядзелі (Васіля Вялікага). Літургія Апостала Якава: сёння з’яўляецца вельмі рэдкай Літургіяй, практычна нікім не адпраўляецца. Але калі дзесьці яна ёсць, то служыцца ў Дзень Святога Апостала Якава (23 кастрычніка), 26 снежня і 4 студзеня.

Сутачнае кола (гадзіны) Сутачнае богаслужэбнае кола ў візантыйскім абрадзе складаецца з некалькіх частак, якія служацца ў асаблівы час, але сучасная практыка не прытрымліваецца абавязковага выканання гэтых правіл. Так, у Рускай Праваслаўнай Царкве Ютрань ідзе адразу пасля Вячэрні, увечары. +Назва багаслужэння па-грэчаскуНазва па-беларускуГістарычны час багаслужэнняСэнсἙσπερινός (Эспэрінос)ВячэрняНа захадзе СонцаПраслаўленне Бога, Стварыцеля сусвету і Яго ПровідуἈπόδειπνον (Апóдзіпнон)Павячэр’еУ час, калі ўсе засынаюцьВобраз сна, акрэслены Сыходжаннем Хрыста ў Пекла пасля Яго СмерціΜεσονυκτικόν (Мэсанікцікон)ПаўночніцаАпоўначыПаўночная малітва ў Гефсіманіі; напамін быць гатовым да прыйсця Жаніха апоўначы і да Апошняга СудуὌρθρος (Артос)ЮтраньСвітанакГоспад даў нам не толькі дзённы свет, але і духоўны. Хрыстос — Збаўца.Πρώτη Ὥρα (Проці Ора)Першая гадзіна7 гадзінХрыстос устаў перад ПілатамΤρίτη Ὥρα (Трыці Ора)Трэцяя гадзіна9 гадзінСуд на Хрыстом і Сашэсце Святога Духа ў дзень ПяцідзясятніцыἝκτη Ὥρα (Экці Ора)Шостая гадзінаАпоўдніРаспяцце ХрыстаἘνάτη Ὥρα (Энаці Ора)Дзявятая гадзіна15 гадзінСмерць ХрыстаΤυπικά (Ціпіка)АбедніцаМожа быць пасля шостай ці дзявятай гадзіны

Чыны Таінстваў

Чын Хрышчэння У звычайнай сітуацыі Таінства Хрышчэння выконваецца праз трохразовае пагружэнне з галавой у купель з асвячонай вадой — у Імя Айца, і Сына, і Святога Духа. У некаторых выпадках дазваляецца Хрышчэнне абліваннем, калі так прынята ў мясцовай традыцыі. Распарадчыкам Таінства з'яўляецца епіскап ці прэсвітар. Каб атрымаць Таінства Хрышчэння, чалавек дарослы павінен прайсці адпаведную падрыхтоўку — катэхізацыю. У выпадку з немаўлятамі і малымі дзецьмі катэхізуюцца бацькі і хросныя бацькі. У пачатку чыну Хрышчэння кандыдат ці хросныя бацькі павінны тры разы адмовіца ад сатаны і прачытаць Сімвал Веры. Пасля святар прамаўляе Вялікую Літанію, благаслаўляе ваду, потым робіць ялеапамазанне вады і кандыдата, а падчас 31 (32 у іншай сістэме нумарацыі) псалма робіць апусканне чалавека ў ваду. Потым на ўжо ахрышчаную асобу апранаецца нацельны крыж і белае адзенне. Калі чын Таінства здзяйсняе епіскап, або прэсвітар, які атрымаў на гэта дазвол епіскапа (у пераважнай большасці выпадкаў так і бывае), адразу жа адбываецца пераход да Таінства Мірапамазання, пасля чаго праводзіцца трохразовы абыход купелі с новаахрышчаным чалавекам і хроснымі бацькамі. Чытаецца Апостал (Рым. 6:3-11) і Евангелле (Мц. 28:16-20). Што адметна, за апошнія 1500 гадоў форма Таінства Хрышчэння ў візантыйскім абрадзе практычна ніяк не змянілася, аб чым сведчыць Святы Кірыл Іерусалімскі ў творы «Размовы аб Таінстве Хрышчэння».

У надзвычайнай сітуацыі, напрыклад, калі ёсць пагроза смерці, здзяйсняць Таінства Хрышчэння над іншым чалавекам можа любая асобы. Для гэта трэба паліць любую частку цела чалавека, над якім чыніцца Хрышчэнне, вадой (любой, нават з лужы) і прамовіць: «Хрышчу цябе ў Імя Айца, і Сына, і Святога Духа». Калі ахрышчаны выжыве, ён павінен атрымаць Таінства Мірапамазання, бо ў візантыйскім абрадзе, у адрозненні ад рымскага, гэта Таінства атрымліваецца адразу жа пасля Хрышчэння.

Чын Мірапамазання Таінства Мірапамазання выконвае ці прэсвітар, ці епіскап. Распарадчык Таінства чытае малітву пра дараванне людзям дароў Святога Духа, а пасля рытуальна мажа мірам крыжападобна лоб, вочы, ноздры, вусны, грудзі, вушы, рукі і ногі. У звычайных сітуацыях у візантыйскім абрадзе Таінства Мірапамазання здзяйсняецца адразу жа пасля Таінства Хрышчэння, прычым гэта практыка захоўваецца і ў грэка-каталікоў, і ў праваслаўных. Што адметна, нават у межах Каталіцкай Царквы сакраменталагічнае вымярэнне Мірапамазання адрозніваецца ў візантыйскім і рымскім абрадах: і там, і там чалавек атрымлівае дары Святога Духа, але ў рымскім абрадзе да гэтага дадаецца яшчэ і сацыяльна значны акт публічнага і свядомага вызнання каталіцкай веры (менавіта па гэтай прычыне Мірапамазанне ў рымскім абрадзе праводзіцца толькі ў свядомым узросце) — у візантыйскім жа абрадзе дэкларацыйны аспект у гэтага Таінства адсутнічае ўвогуле (як у Грэка-Каталіцкіх, так і ў Праваслаўных Цэрквах).

Чын Мірапамазання можа праводзіцца і асобна ад Хрышчэння, але такія сітуацыі не зусім звычайныя. Гэта робіцца тады, калі Хрышчэнне было здзейснена не епіскапам або прэсвітарам, які меў бы ад епіскапа дазвол на правядзенне чыну Таінства Мірапамазання. Таксама Мірапамазанне праводзіцца над тымі хрысціянамі, якія далучаюцца да Праваслаўных ці Грэка-Каталіцкіх Цэркваў з канфесій, якія ўвогуле не маюць Таінства Мірапамазання (з пунтку гледжання праваслаўнай і каталіцкай сакраменталогіі).

Чын Еўхарыстыі Па меркаванні Каталіцкай і Праваслаўных Цэркваў, Еўхарыстыя з'яўляецца вяршыняй хрысціянскага жыцця. Большасцю царкоўных супольнасцей лічыцца, што лепш прымаць Святое Прычасце як мага часцей. У адпаведнасці з Кодэксам Канонаў Усходніх Цэркваў і Катэхізісам Каталіцкай Царквы, прымаць Прычасце трэба не менш, чым адзін раз на год. У розных Праваслаўных Цэрквах падыход да гэтага пытання можа адрознівацца, у залежнасці ад пастаноў мясцовай царкоўнай улады.

Таінства Еўхарыстыі праходзіць падчас Боскай Літургіі. Яно пачынаецца з падрыхтоўкі — анафары (за выключэннем Літургіі Раней асвячаных Дароў). У візантыйскім абрадзе для Святога Прычасця выкарыстоўваюцца чырвонае віно і квасны хлеб, а само Таінства адбываецца, як правіла, пад двума відамі — і Целам, і Крывёю Хрыста. Выключэнне складае Прычасце дзяцей, якое адбываецца пад адным відам — толькі Крывёю. Гэта асабліва кантрастуе з рымскім абрадам, дзе міран, у большасці выпадкаў, прычашчаюць толькі Целам Хрыста.

Стандартнай для візантыйскага абраду з'яўляецца Еўхарыстыя з выкарыстаннем лжыцы, але ў некаторых царкоўных супольнасцях, якія ўжываюць візантыйскі абрад, ёсць і іншыя практыкі: напрыклад, так званы, «мелькіцкі чын» (выкарыстоўваецца ў Мелькіцкай Грэка-Каталіцкай Царкве), дзе Цела Хрыста мачаецца распарадчыкам Таінства ў Кроў Хрыста і выдаецца верніку, які падыходзіць да Прычасця.

Пакаянне Звычайна ў візантыйскім абрадзе Таінсва Пакаяння адбываецца перад крыжом, які трымае святар ці перад аналоем з крыжом і Евангеллем, але гэта не абавязкова ў адрознанне ад таго, што святар, для выканання сакраментальнага дзеяння, абавязаны быць апрануты ў епітрахіль (у лацінскім абрадзе – стула). Калі святар адпускае грахі, ён прамаўляе тое, што ён з'яўляецца недастойным іерэям, які, уладай Госпада адпускае грахі, у адрознанне ад рымскага абраду, дзе робіцца акцэнт на святары: "і я адпускаю табе грахі ў імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога.

Шлюб Таінства Шлюба накіравана на тое, каб аб'яднаць мужчыну і жанчыну і ўзаконіць іх саюз перад Богам. Для гэтага Таінства патрэбныя сведкі с боку як жонкі, так і мужа. Пад час Таінства муж і жонка трымаюць свечку, а іх сведкі ці стаяць за шлюбуюшчыміся, ці трымаюць на іх галовамі вянкі ці кароны. У славянскай традыцыі ёсць практыка трымаць вянок з кветак, некаторыя выкарыстоўваюць вялікія металічныя кароны, якія павінны трымаць сведкі, таксама распаўсюджваецца румынскія кароны, памер якіх рэгулюецца і сведкам не трэба іх трымаць.

Бліжэй да канца Таінства муж і жонка трымаюцца за епітрахіль святара і яны абыходзяць тэтрапод тры разы.

Таксама перад Шлюбам (напрыклад за некалькі дзён) адбываецца абрад абручэння, такім чынам, на Таінстве Шлюба, шлюбуюшчыяся прыходзяць ужо абруччанымі.

Сабораванне