Юбіле́йны меда́ль «75 год вызвале́ння Рэспу́блікі Белару́сь ад няме́цка-фашы́сцкіх захо́пнікаў» — дзяржаўная ўзнагарода Рэспублікі Беларусь. Заснавана 2 красавіка 2019 г.Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2019 г. № 134 «Аб устанаўленні юбілейнага медаля».

Прадстаўленне да ўзнагароды і ўзнагароджванне Медаль прысуджаецца ў гонар вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецкай акупацыі.

Да ўзнагароджвання прадстаўляюцца: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны; былыя вязні фашысцкіх лагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны; замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць за межамі Рэспублікі Беларусь і непасрэдна прымалі ўдзел у баявых дзеяннях за вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны; ваеннаслужачыя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў Рэспублікі Беларусь, работнікі дзяржаўных органаў і іншыя асобы, якія ўнеслі значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне грамадзян Рэспублікі Беларусь, увекавечанне памяці загінуўшых, арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Паўторнае ўзнагароджанне юбілейным медалём не ажыццяўляецца. Дублікаты юбілейнага медаля і пасведчання да яго ўзамен згубленых не выдаюцца. Пры страце юбілейнага медаля дазваляецца нашэнне планкі ўстаноўленага ўзору.

Апісанне Юбілейны медаль «75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» вырабляецца з латуні і мае форму круга з борцікам дыяметрам 33 мм. Усе элементы юбілейнага медаля рэльефныя.

Вонкавы бок На вонкавым боку медаля ў цэнтры размешчана стылізаваная выява абеліска «Мінск — горад-герой». Справа ад абеліска — жаночая фігура з фанфарамі, злева — салют, на які адна пад другой накладзены лічбы «1944» і «2019». Паміж лічбамі — прамая лінія.

У верхняй частцы вонкавага боку па акружнасці размешчаны надпіс «ПОДЗВІГ НАРОДА НЕСМЯРОТНЫ», у ніжняй — восем нахіленых блокаў у выглядзе разыходзячыхся прамянёў, пад якімі — лесвіца з цецівой. На лесвіцу накладзена пяціканцовая гранёная зорка чырвонага колеру, ад якой разыходзяцца лаўровыя галіны.

Адваротны бок На адваротным боку юбілейнага медаля ў цэнтры размешчаны надпіс «75 ГОД ВЫЗВАЛЕННЯ АД НЯМЕЦКА-ФАШЫСЦКІХ ЗАХОПНІКАЎ» у шэсць радкоў. У верхняй частцы адваротнага боку па акружнасці — надпіс «РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ», у ніжняй па акружнасці — перавіты стужкай лаўровы вянок.

Калодка Юбілейны медаль пры дапамозе вушка і кольца злучаецца з пяцівугольнай калодкай, абцягнутай вышытай стужкай шырынёй 24 мм з дзвюма аднолькавымі палоскамі. Левая палоска мае расфарбоўку ордэна Айчыннай вайны I ступені, правая — медаля «Партызану Айчыннай вайны» I ступені. На адваротным боку калодкі знаходзіцца шпілька для мацавання юбілейнага медаля да адзення.

Катэгорыя:Медалі Беларусі Катэгорыя:Юбілейныя медалі