Адам Ваньковіч (1827, Сляпянка, Мінскі павет, Мінская губерня — , Мікелеўшчына, Сакольскі павет, Гродзенская губерня) — арыстакрат, удзельнік паўстання 1863 года.
Біяграфія Нарадзіўся ў Сляпянцы. Ахрышчаны 25 кастрычніка 1827 года ў Пінскім касцёле.
Паходзіў са шляхецкага роду Ваньковічаў, старэйшы сын мастака Валенція Ваньковіча і Анэлі Растоцкай. Брат Казіміра, Яна Эдварда і Алены. Каталік паводле веравызнання. Памешчык Мінскага павета, уласнік маёнткаў Сляпянка і Дуды. Да яго перайшла каштоўная мастацкая калекцыя бацькі, якая захоўвалася ў Малой Сляпянцы.
Спачатку Адам Ваньковіч вучыўся ў Мінскай гімназіі, куды паступіў у жніўні 1839 годзе. 16 жніўня 1843 года паступіў у Кандуктарскую роту Галоўнага інжынернага вучылішча (у будучыні Мікалаеўскага). 13 чэрвеня 1848 года атрымаў чын прапаршчыка інжынерных войскаў. 25 чэрвеня 1849 года Ваньковіч быў пераведзены ў 2-гі рэзервовы сапёрны батальён, а 11 ліпеня 1851 года атрымаў чын падпаручніка. 14 красавіка 1854 года ён становіцца паручнікам і з-за хваробы выходзіць у адстаўку.
У 1859 годзе Ваньковіч становіцца старшынёй Мінскага , 24 мая 1860 года яго зацвярджаюць Мінскім сумленным суддзёй, а з 1861 года ён працуе ў Мінскай губернскай установе па сялянскіх справах, за што 17 красавіка 1861 года быў узнагароджаны срэбным медалём на Аляксандраўскай стужцы.
У паўстанні 1863 года Ваньковіч уваходзіў у склад мінскай паўстанцкай арганізацыі, займаючы пасаду мінскага камісара, з’яўляючыся адным з кіраўнікоў паўстанцаў па Мінскім павеце. Аднак з цягам часу ён выйшаў са складу арганізацыі. Нягледзячы на гэта, Ваньковіч быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Мінскай турме. Па канфірмацыі камандуючага войскамі Віленскай вайсковай акругі за прыналежнасць да паўстанцкай арганізацыі яго пазбавілі правоў стану і пакаралі ссылкай у аддаленыя раёны Сібіры. 2 красавіка 1864 года быў накладзены секвестр на маёнтак Малая Сляпянка, а ягоная рухомая маёмасць была ацэнена ў 83 рублі. У далейшым маёнтак і мастацкая калекцыя былі канфіскаваныя.
Ссылку Ваньковіч адбываў без сям’і. Жонка з дзецьмі перабраліся з Мінска ў свой маёнтак Мікелеўшчына Сакольскага павета Гродзенскай губерні. З 24 мая 1870 года Ваньковіч жыў у Казані, дзе з кастрычніка 1870 года месцам ягонага жыхарства быў дом Марусава на Рыбнарадскай вуліцы. У Казань ён прыбыў з Табольскай губерні праз Астрахань.
На радзіму Ваньковіч вярнуўся ў 1871 годзе. У 1875 годзе жыў у маёнтку Галынка Аўгустоўскага павета Сувалкаўскай губерні, з 1876 года перабраўся на сталае жыхарства да сваёй сям’і ў Мікелеўшчыну, дзе і памёр.
Сям’я У 1854 годзе Адам Ваньковіч ажаніўся, ягонай абранніцай стала Амелія Клячкоўская, з якой ён меў шэсць сыноў: Баляслаў Фелікс (нар. 18.8.1855) Маўрыцый Дзіянісій (нар. 3.10.1856) Францішак Салезій Валенцій (нар. 29.1.1858) Караль Эразм (нар. 4.6.1859) Вацлаў Станіслаў (нар. 27.9.1860) Адам Юзаф (нар. 9.5.1864).
Спасылкі Вольга Гарбачова. Паўстанцы 1863 года на фотаздымках
Адам Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў Катэгорыя:Сасланыя ў Сібір Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Памерлі ў Сакульскім павеце Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мінску