Андрэй Анатолевіч Кудзіне́нка (нар. 20 кастрычніка 1971, Брэст, Беларусь) — беларускі кінарэжысёр. Сын архітэктара Анатоля Кудзіненкі.
Біяграфія Скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў у 1998 годзе, затым аспірантуру, падчас вучобы атрымліваў стыпендыю адмысловага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, якая мае творчыя дасягненні. Андрэй Кудзіненка — адзін з апошніх вучняў легенды «Беларусьфільма» Віктара Турава. Пасля сканчэння Акадэміі здымаў кароткаметражныя фільмы, рэкламу. У 2002 годзе Кудзіненка зняў поўнаметражны дэбют «Битва пяти воинств» ().
Зняў фільм «Акупацыя. Містэрыі» (2004). Стужку пра жыццё ў акупаванай нацыстамі Заходняй Беларусі запрасілі ў афіцыйную праграму Ратэрдамскага міжнароднага кінафэсту. Следам за гэтым «Акупацыю» паказалі ў паралельнай праграме Маскоўскага міжнароднага кінафестывалю. У Беларусі фільм быў забаронены да паказу Міністэрствам культуры Беларусі. Кудзіненка паехаў у Расію, дзе ўдзельнічаў у шэрагу праектаў, працаваў у камандзе Паўла Лунгіна. У 2009 годзе рэжысёр атрымаў запрашэнне «Беларусьфільма», а на пачатку 2010 года Міністэрства культуры вярнула фільм «Акупацыя. Містэрыі» ў адзіны дзяржаўны рэгістр, і 15 лютага 2010 года адбылася беларуская прэм’ера фільма.
На кінастудыі «Беларусьфільма» Андрэй Кудзіненка пачынаў працу над «Масакрай», сам рэжысёр акрэсліў фільм як сінтэз містычнага трылера, меладрамы і эротыкі. Сюжэт «Масакры» (сцэнарыст Аляксандр Качан) грунтуецца на навеле Праспера Мерымэ пра мядзведзя-пярэваратня («Локіс») і матывах старажытных беларускіх легенд.
Уладальнік прыза «За найлепшы дэбют» на фестывалі «Літаратура і кіно» (Гатчына, Расія), «За найлепшы эксперыментальны фільм» на MediaWave’ 99 (Венгрыя).
У кастрычніку 2012 і 2014 гадоў выступіў членам журы кінафестывалю беларускага кіно ў Варшаве (Польшча). З 2015 года куратар мультымедыйнага праекту «Хронотопь».
У ліпені 2026 года КДБ і АМАП правялі ператрус у кватэры і кінашколе Андрэя Кудзіненкі, пасля чаго ён вымушана пакінуў Беларусь.
Крыніцы
Спасылкі Кудзіненка: Я ня бачу сябе ў расійскім кіно // svaboda.org «ХРАНАТОПь» Беларуская. Андрэй Кудзіненка запрашае да сучаснай міфалогіі // novychas.by
Катэгорыя:Кінарэжысёры Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Беларускай акадэміі мастацтваў