Расі́я, сустракаецца таксама Расея (), афіцыйная назва Расі́йская Федэра́цыя () — дзяржава, размешчаная ва Усходняй Еўропе і паўночнай частцы Азіі. Расія — найбуйнейшая па плошчы дзяржава свету (17 075 063 км² або 11,46 % (1/9) плошчы ўсёй сушы Зямлі, або 12,65 % (1/8) заселенай чалавекам сушы, што амаль удвая больш, чым плошча Канады, якая займае другое месца).

Назва Назва Расі́я паходзіць ад этноніма Русь у грэчаскай агаласоўцы і пачала ўводзіцца ва ўжытак вялікімі князямі маскоўскімі з канца XV ст. У беларускай мове сустракаецца таксама варыянт Расе́я. Варыянт Расея, па думку навукоўцаў, магчыма, прыйшоў з дыялектаў рускай мовы, або ад розных беларускіх фанетычных працэсаў — паводле той самай мадэлі, што і беларускія народныя формы імён Аўдакея і Захвея/Сахвея ад Еўдакія і Сафія. Паводле Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы, словы Расея, расейскі, расеец не нясуць абразлівай семантыкі.

Гісторыя

Ранняя гісторыя (да X стагоддзя) На частцы тэрыторыі сучаснай Расіі ў 1-м тысячагоддзі н.э. існавалі: Баспорская дзяржава (Баспорскае княства), Скіфская дзяржава. На асноўнай тэрыторыі еўрапейскай Расіі жылі балцкія і фіна-вугорскія плямёны. У 552—745 гадах частку тэрыторыі Расіі ў верхнім цячэнні Волгі паміж Чорным і Каспійскім марамі займала дзяржава плямённага саюзу цюркаў — Цюркскі каганат. Ад сярэдзіны VII да X стагоддзя ў ніжнім цячэнні Волгі, на Паўночным Каўказе, у Прыазоўі ляжала дзяржава Хазарскі каганат, якая стрымлівала набегі качэўнікаў з Азіі. Ад пачатку VIII стагоддзя да 926 года на Далёкім Усходзе існавала дзяржава Бахай.

Станаўленне і развіццё расійскай дзяржавы (X—XIX стагоддзі) У X стагоддзі заходняя частка сённяшняй еўрапейскай Расіі ўваходзіла ў г. зв. «Старажытнарускую дзяржаву» ці «Кіеўскую Русь» з цэнтрам у Кіеве. Улада належала дынастыі Рурыкавічаў, якія праводзілі паслядоўную палітыку ўмацавання сваёй дзяржавы. Кіеўскі князь Алег узначаліў два паходы на Канстанцінопаль. А ў 988 годзе кіеўскі князь Уладзімір прыняў хрысціянства паводле грэчаскага абраду. У X—XIV стагоддзях на сярэднім цячэнні Волгі і ў Прыкам’і знаходзілася Волжская Булгарыя. У XII—XIV стагоддзях на тэрыторыі Расіі ўтварыліся Наўгародская рэспубліка, Уладзімеіра-Суздальскае і іншыя княствы. У XII стагоддзі гэтыя славянскія княствы, Волжская Булгарыя і іншыя дзяржавы Усходняй Еўропы трапілі пад нашэсце манголаў (1237—1242), на 250 гадоў на тэрыторыі еўрапейскай часткі Расіі усталявалася мангольскае іга. У перыяд з 1300 да 1323 года галоўным цэнтрам расійскіх зямель быў Уладзімір, барацьбу з якім вялі Масква і Цвер. Адначасова з усіх расійскіх зямель даніну збірала Залатая Арда. Пад мангольскім ігам паўстала Маскоўскае княства. З дапамогай інтрыг, заваявання лаяльнасці манголаў, пераводу рэлігійнага цэнтру Расіі ў Маскву, маскоўскія князі атрымалі большую самастойнасць ад Арды. З Маскоўскага княства пачала сваю гісторыю расійская дзяржаўнасць. Мангольскае іга скончылася выгнаннем захопнікаў аб’яднанымі сіламі расійскіх княстваў (Кулікоўская бітва 1380 года; «стаянне на рацэ Угры» 1480 года).

У XIV—XVI стагоддзях, пасля заваёвы Наўгародскай рэспублікі, Масква канчаткова стала адзіным цэнтрам аб’яднання ўсходнеславянскіх княстваў паўночнага ўсходу. З пачатку XV стагоддзя пачынаецца вайсковае супрацьстаянне Маскоўскай дзяржавы і Вялікага Княства Літоўскага. Каб абараніцца ад Масковіі, Вялікае Княства Літоўскае будзе вымушана заключыць унію з Польшчай і ўтварыць Рэч Паспалітую.

Сярэдзіна XVI стагоддзя — праўленне Івана Грознага, перыяд цэнтралізацыі ўлады і жорсткага кантролю (апрычніна). Разам з гэтым актыўна праводзілася агрэсіўная знешняя палітыка — на працягу 1558—1583 гадоў ішла Лівонская вайна за выхад да Балтыйскага мора. У канцы XVI — сярэдзіне XVII стагоддзя аформілася прыгоннае права. У пачатку XVII стагоддзя Маскоўскае княства перажыла шведскую і польска-літоўскую інтэрвенцыі. У сярэдзіне XVII стагоддзя Украіна ўвайшла ў склад Расіі на правах аўтаноміі.

Рэформы, праведзеныя імператарам Пятром I (канец XVII стагоддзя — першая чвэрць XVIII стагоддзя) мелі вялізны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, паспрыялі значнай мадэрнізацыі Расіі. Перамога ў Паўночнай вайне 1700—1721 гадоў дала Расіі выйсце да Балтыйскага мора.

Да пачатку XIX стагоддзя ў выніку шматвяковай вайсковай агрэсіі да Рэчы Паспалітай, Расія атрымала асноўную частку тэрыторыі скоранай дзяржавы.

У выніку далучэння ў XVI—XIX стагоддзях тэрыторый Поўначы, Паволжа, Урала, Сібіры, Далёкага Усходу, Каўказа, уваходжання ў склад Расіі шэрагу народаў утварылася шматнацыянальная Расійская імперыя. Расія адбіла нашэсце французскіх войскаў у вайне 1812 года.

Захоп Расіяй Каўказа суправаджаўся генацыдам чаркесаў.

Сялянская рэформа 1861 года, што адмяніла прыгон, і іншыя рэформы паскорылі развіццё капіталізму, грамадства, сістэмы вытворчасці і размеркавання.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ўзніклі палітычныя партыі.

XX—XXI стагоддзі Руска-японская вайна 1904—1905 гадоў каталізавала развіццё рэвалюцыйных настрояў у грамадстве, што прывяло да рэвалюцыі 1905 года. Пасля рэвалюцыі заснаваная Дзяржаўная Дума. Расія брала ўдзел у Першай сусветнай вайне 1914—1918 гадоў на баку краін Антанты.

Вайна, эканамічная крыза разам з правакатыўнымі дзеяннямі ўлады прывялі да звяржэння манархіі падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года.

25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 года адбылася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Была абвешчаная ўлада Саветаў (рад) рабочых, жаўнерскіх і сялянскіх дэпутатаў. У краіне была ўсталявана манапольная палітычная ўлада Камуністычнай партыі, што паступова злілася з цэнтралізаваным дзяржаўным апаратам.

З 1917 па 1920 у Расіі ішла грамадзянская вайна, камуністы ажыццяўлялі інтэрвенцыю на новыя незалежныя дзяржавы Усходняй Еўропы і Сярэдняй Азіі. У дзяржаве замацоўваліся ваенна-камуністычныя і тэрарыстычныя прынцыпы арганізацыі (чырвоны тэрор). У студзені 1918 года ўтвораная Расійская Савецкая Федэратыўная Сацыялістычная Рэспубліка (РСФСР). У 1921 годзе была прынятая Новая эканамічная палітыка (НЭП), што ўяўляла сабою часовае і частковае вяртанне рынкавых прынцыпаў у эканоміку. 30 снежня 1922 года Расія разам з камуністычнымі Украінай, Беларуссю і Закаўказскай Федэрацыяй утварылі Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Далейшае развіццё Расіі ў XX стагоддзі непарыўна звязана з СССР.

12 чэрвеня 1990 года З’езд народных дэпутатаў Расіі прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Расійскай Федэрацыі. У 1991 годзе ўведзеная пасада прэзідэнта РФ. У верасні 1993 года ўказам прэзідэнта ліквідаваная сістэма Саветаў, у снежні 1993 года прынятая Канстытуцыя Расіі.

Геаграфія Крайні паўночны пункт Расіі — мыс Флігелі на Зямлі Франца-Іосіфа (81°51’ паўн.ш.), крайні ўсходні пункт — востраў Ратманава ў Берынгавым праліве (заходні з двух астравоў Дзіяміда, 169°0’ з.д.). Крайнія паўночны і ўсходні мацерыковыя пункты Расіі: мыс Чалюскін на паўвостраве Таймыр (77°43’ паўн.ш.) і мыс Дзяжнёва на Чукотцы (169°39’ з.д.). Гэтыя чатыры крайнія пункты адначасова з’яўляюцца і адпаведнымі крайнімі пунктамі Еўразіі. Крайні паўднёвы пункт Расіі (41°11’ з.ш.) знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад гары Базардзюзю, на мяжы Дагестана з Азербайджанам. Крайні заходні пункт ляжыць у Калінінградскай вобласці пад 19°38’ у.д., на Балтыйскай касе Гданьскага заліва Балтыйскага мора; але Калінінградская вобласць з’яўляецца анклавам, і асноўная тэрыторыя Расіі пачынаецца ўсходней, пад 27°17’ у.д., на мяжы Расіі з Эстоніяй, на беразе ракі Педэдзе. Такім чынам, працягласць тэрыторыі Расіі з поўначы на поўдзень перавышае 4 тыс. км, з захаду на ўсход — набліжаецца да 10 тыс. км. Агульная працягласць межаў Расіі — 60 933 км (з іх 38 808 км — марскія межы); межы Расіі на поўначы і на ўсходзе — марскія, на поўдні і на захадзе — у асноўным сухапутныя. Мае сухапутныя межы з Казахстанам (6846 км), Кітаем (3645 км), Манголіяй (3485 км), Украінай (1576 км), Фінляндыяй (1340 км), Беларуссю (959 км), Грузіяй (723 км), Эстоніяй (294 км), Азербайджанам (284 км), Літвой (280.5 км), Польшчай (232 км), Латвіяй (217 км), Нарвегіяй (196 км), Паўночнай Карэяй (19 км). Марскія межы Расія мае с ЗША (49 км) і Японіяй (194 км).

Тэрыторыя Расіі амываецца трыма акіянамі і наступнымі марамі: Паўночны Ледавіты акіян — Чукоцкае, Усходне-Сібірскае, Лапцевых, Карскае, Пячорскае, Баранцава; Атлантычны акіян — Балтыйскае, Чорнае, Азоўскае; Ціхі акіян — Японскае, Ахоцкае, Берынгава.

Фізіка-геаграфічны агляд

Расія размешчана на поўначы мацерыка Еўразія. Яна абмываецца водамі Ціхага і Паўночнага Ледавітага акіянаў, а таксама Балтыйскім, Чорным, Азоўскім морамі Атлантычнага акіяна і Каспійскім морам, пры гэтым валодаючы самой працяглай берагавой лініяй (37 653 км). Уральскія горы, рака Эмба і Кума-Маныцкая ўпадзіна падзяляюць Расію на еўрапейскую і азіяцкую часткі, апошняя ўключае ў сябе Паўночны Каўказ, Сібір і Далёкі Усход.

Геалогія

Больш 70 % тэрыторыі Расіі занята раўнінамі. Заходняя частка краіны знаходзіцца ў межах шырокай Усходне-Еўрапейскай раўніны, якая характарызуецца чаргаваннем нізін (Прыкаспійская і інш.) і ўзвышшаў (Валдайскае, Сярэднярускае і г. д.). Мерыдыянальна выцягнутая горная сістэма Урал раздзяляе Усходне-Еўрапейскую раўніну і Заходне-Сібірскую нізіну. Да ўсходу ад апошняй знаходзіцца Сярэднесібірскае пласкагор’е з ізаляванымі горнымі масівамі, якое затым плаўна пераходзіць у Цэнтральнаякуцкую раўніну.

Паўднёвая і ўсходняя часткі краіны пераважна гарыстыя. На крайнім поўдні Еўрапейскай часткі цягнуцца паўночныя хрыбты Вялікага Каўказа (тут знаходзіцца самая высокая вяршыня Расіі — Эльбрус, 5 633 м), на поўдні Сібіры — Алтай, Заходні і Усходні Саяны, Станавое нагор’е і іншыя горныя сістэмы. Паўночны ўсход Сібіры і Далёкі Усход — рэгіёны перавагі сярэдневышынных горных хрыбтоў, такіх як Сіхатэ-Алінь, Верхаянскі хрыбет, хрыбет Чэрскага. Паўвостраў Камчатка і Курыльскія астравы на крайнім усходзе — тэрыторыя вулканаў. Тут іх налічваецца больш за 200, прычым каля 50 дзеючых.

Гідралогія У Расіі больш за 120 тыс. рэк і каля 2 млн азёр. Самыя буйныя рэкі: Амур, Лена, Енісей, Іртыш, Об, Волга, Кама; буйнейшыя азёры — Каспійскае мора, Байкал, Ладажскае, Анежскае.

Варта заўважыць, што рэкі ў Расіі традыцыйна мелі велізарную ролю — не толькі як транспартныя шляхі, але і як трасы засялення і гаспадарчага асваення новых тэрыторый. На рэках пабудаваныя практычна ўсе буйныя гарады.

Клімат Размяшчэнне Расіі ў паўночнай частцы Еўразіі (тэрыторыя краіны ў асноўным ляжыць паўночней 50° пн.ш.) абумовіла яе знаходжанне ў арктычным, субарктычным, умераным і часткова ў субтрапічным кліматычных паясах. Пераважная частка тэрыторыі размешчаная ва ўмераным поясе. Разнастайнасць клімату залежыць таксама ад асаблівасцей рэльефу і блізкасці або аддаленасці акіяна.

Шыротная занальнасць найбольш ярка выяўляецца на раўнінах. Спектр прыродных зон адрознівае Еўрапейскую частку краіны, дзе з поўначы на поўдзень паслядоўна змяняюцца зона арктычных пустынь, тундры, лесатундры, тайгі, мяшаных лясоў, лесастэпы, стэпы, паўпустыні. З прасоўваннем на ўсход клімат становіцца ўсё больш кантынентальным, колькасць прыродных зон у адным шыротным інтэрвале значна скарачаецца.

Сярэднія тэмпературы студзеня, па розных рэгіёнах, вагаюцца ад 6 да −50 °C, ліпеня ад 1 да 25 °C; ападкаў ад 150 да 2000 мм у год. Вечная мерзлата (раёны Сібіры і Далёкага Усходу) займае 65 % тэрыторыі Расіі.

Больш 70 % расійскай тэрыторыі — гэта зона рызыкоўнага земляробства. Сельскагаспадарчы сезон на большай частцы тэрыторыі Расіі доўжыцца 2—3 месяцы (для параўнання, у Еўропе або ЗША — 8—9 месяцаў). У той жа час у Расіі знаходзіцца 10 % усіх ворных зямель свету.

Флора і фаўна Лясы займаюць звыш 1/2 тэрыторыі. На тэрыторыі Расіі знаходзіцца пятая частка ўсіх лясоў свету і палова сусветных хвойных лясоў. Жывёльны свет разнастайны — тут жывуць і белыя мядзведзі, і маржы, і тыгры, леапарды, і інш.

У Расіі існуе 35 нацыянальных паркаў і 84 запаведнікі.

Дзяржаўны лад

Адміністрацыйны падзел