Чамброва або Чомбрава, Чомбраў, Чамброў () — колішні сядзіба на тэрыторыі Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці Беларусі, прыкладна за 14 км на поўдзень ад Навагрудка. Чамброўская сядзіба — найімавернейшы правобраз Сапліцава ў «Пане Тадэвушы» Адама Міцкевіча.
Гісторыя Найвядомейшыя цяпер уладальнікі маёнтка — Курчы герба «Радван», а з іх дзедзіч Чамброва — Стэфан Казімір Курч (пам. 1702), ваявода берасцейскі (з 1682), заснавальнік касцёла ў суседняй Валеўцы у 1685 годзе. У XVIII — пачатку XIX стагоддзя належала Узлоўскім. У XIX стагоддзі куплена Казіміра Карповічам, палестрантам (судовым павераным) з Навагрудка, наступным уладальнікам быў яго сын Юльян, а апошнімі ўнук Караль (пам. 1941 у аддаленых раёнах СССР) і праўнук Януш.
Перад 3-м паздзелам Рэчы Паспалітай Чамброва ў складзе Навагрудскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1795 года ў Навагрудскім павеце Слонімскай (1796), Літоўскай (1797—1801), затым Гродзенскай i Мінскай губерняў Расійскай Імперыі. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года ў межах Польскай Рэспублікі, Раецкая гміна Навагрудскага павета Навагрудскага ваяводства. З 1939 года ў БССР.
Сядзіба спалена савецкімі партызанамі ў 1943 годзе. Засталіся рэшткі могілак з капліцай і некалькі старых дубоў.
Даўняя сядзіба У XVII—XVIII стагоддзях на ўзгорку, які панаваў над наваколлем, званым «гарадзішчам», Курчы пабудавалі замак, яго сляды захаваліся да XIX стагоддзя.
Узлоўскія, або першы з Карповічаў, таксама на ўзгорку, паблізу рэшткаў курчавага замка, пабудавалі драўляны класіцыстычны двор. Сядзібны дом быў дзевяцівосевы прастакутнага плана, на падмурку. Трохвосевая цэнтральная частка прыпаднятая, з паверхам. Перад ёй быў порцік вялікага ордара, трохкутны франтон з круглым акном трымалі дзве пары калон. Пад порцікам быў высунуты наперад ганак. Дом быў пакрыты высокім гонтавым вальмавым дахам.
Інтэр’ер меў дзесяць пакояў спланаваных як амфілада, большая частка іх начыння страчана ў часе Першай сусветнай вайны. Лесвіца на другі паверх размяшчалася злева ад цэнтральна размешчанага ўваходнага вестыбюля (сенцаў). Столь вестыбюля ўпрыгожваў драўляны голуб, які сімвалізаваў Святога Духа, перанесены з падамініканскага касцёла ў суседняй Валеўцы, пераробленага на царкву. На восі сенцаў, з боку саду, размяшчалася гасцёўня. У гасцёўні злева былі дзверы ў кабінет гаспадара дома, справа — у пакой «Зялёная гасцёўня». Сталовая размяшчалася за пярэднім фасадам, справа ад сенцаў.
Уласна парку ў Чамброве не было. За домам быў кветнік і пладовы сад плошчай у некалькі гектараў, са шматлікімі групамі старых дрэў, шпалерамі і ліпавай алеяй. Перад домам уладкаваны вялікі кругавы лужок, засаджаны хмызам і італьянскімі таполямі. Па абодва бакі ад дома размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, злева — флігель, справа — упрыгожаны галерэяй на шасці слупах будынак, у якім размяшчаліся вазоўня, стайня і свіран.
Ураган, які прайшоў праз Наваградчыну ў 1927 годзе, знішчыў 80 старых дрэў.
Сядзіба спалена савецкімі партызанамі ў 1943 годзе.
Маёнтак у Чамброве апісаны ў 2-м томе Dziejów rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej Рамана Афтаназы. Сядзіба і яе жыхары апісаны Іааннай Пухальскай у кнізе Dziedziczki Soplicowa, w 180. rocznicę wydania Pana Tadeusza (Варшава: Muza, 2014, ).
Сувязь з творчасцю Адама Міцкевіча Сядзіба ў Чамброве — найімавернейшы прататып Сапліцава. Апісанні сядзібы Сапліцаў у «Пане Тадэвушы» амаль ідэальна падыходзяць для сядзібы ў Чамброве. Магчыма, што прататыпам замка Гарэшкаў былі таксама рэшткі блізкага замка Курчаў на гарадзішчы. У дзяцінстве Адама Міцкевіча, маёнтак належаў Узлоўскім, Анеля Узлоўская была хроснай маці Адама. Яго дзед, Матэвуш Маеўскі, быў эканомам двара ў Чамброве. Дачка Матэвуша, Бася — маці паэта, была пры двары ключніцай (panna apteczkowa). Напэўна, пазней яна шмат апавядала свайму сыну пра Чамброва. Вельмі імаверна, што менавіта ў Чамброве ўпершыню ў жыцці Міцкевіч убачыў вялікую сядзібу, Завоссе было толькі невялікім фальваркам. Двор чамброўскі, безумоўна, ляжаў на маршруце школьных падарожжаў Міцкевіча, ён часта бываў тут.
У Чамброве Рышард Ардынскі зрабіў першую экранізацыю Пана Тадэвуша ў 1928 годзе. Як сказаў рэжысёр: «У ролях статыстаў выступалі нават яго жыхары, унукі міцкевічавых герояў».
Зноскі
Літаратура Іоанна Пухальска, Крыстына Стасевіч Двор і яго сувязі з наваколлем: аб дзейнасці Марыі Карповіч з Чамброва пад Навагрудкам // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы : (да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы) / [рэдкалегія: А. А. Каваленя, А. К. Кулак (старшыні) і інш.]. — Мінск, друк 2010. — С. 265―271.
Спасылкі
Катэгорыя:Адам Міцкевіч