Кацярына Эдуардаўна Каланчук-Ваданосава (нар. 1986, Мінск) — беларуская спявачка, паэтка, музыкантка.
Біяграфія Нарадзілася ў 1986 годзе ў Мінску. Скончыла ў 2007 годзе гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка па спецыяльнасці «Гісторыя. Рэлігіязнаўства». Працавала навуковым супрацоўнікам Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Перажыла рак грудзей.
У кастрычніку 2022 года разам з Крысцінай Дробыш і Марыяй Грыц запусціла ток-шоу «Трэба пагаварыць» пра балючы досвед жанчын.
У 2023 годзе адкрыла ў беластоцкім хабе «Новая зямля» двухгадовую Школу традыцыйнага строю.
На выбарах у выбарах у Каардынацыйную раду 3-га склікання праходзіла па спісе «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які 3 мая 2024 года быў прызнаны КДБ Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
У сакавіку 2026 года стала вядома пра крымінальную справу супраць Ваданосавай за яе гістарычныя матэрыялы на YouTube.
Творчасць Аўтар паэтычнага зборніка «Міфатворчасць» (2015) ды музычнага альбома з аднайменнай назвай (2016).
Грае на некалькіх музычных інструментах. Мае вакальны дыяпазон у тры актавы. Кіраўніца фольк-рок-гурта «Alte Mente».
У сваіх песнях абапіраецца на традыцыі беларускай народнай культуры, еўрапейскую музыку эпохі Сярэднявечча, Рэнесансу і Барока, а таксама на здабыткі музычнай культуры «залатога веку» рок-н-рола ды арт-рока, удала сумяшчаючы іх у кантэксце плыні, якую некаторыя акрэсліваюць як «менестрэль-рок», альбо «фэнтэзі-рок».
Выступала з ансамблем, адметнасць якога ў выкарыстанні беларускіх цымбалаў і электраскрыпкі як сольных інструментаў і спалучэнне іх з «класічным» рокавым наборам — электрагітарай, бас-гітарай ды ўдарнай устаноўкай.
Узнагароды Лаўрэат конкурсаў песні: «Пецярбургскі акорд — 2008» (Расія), «OPPA — 2009» (Польшча), «Культурная эвалюцыя — 2009» (Беларусь), «Бардаўская восень — 2009» (Польшча), «Подых струн — 2015» (Беларусь). Арганізатарка конкурсу беларускай бардаўскай песні «Купалаўскія вакацыі».
Спасылкі
Катэгорыя:Супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Катэгорыя:Спевакі і спявачкі Беларусі Катэгорыя:Паэтэсы Беларусі Катэгорыя:Музыканты Беларусі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя рэжымам Лукашэнкі Катэгорыя:Члены фракцыі Кааліцыя Латушкі і рух «За свабоду»