Фра́нцыя (, МФА: ), Францу́зская Рэспу́бліка (, МФА: ) — краіна ў Заходняй Еўропе, што ўключае ў сябе таксама некалькі заморскіх рэгіёнаў і тэрыторый. Метрапольная Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету.

Францыя з’яўляецца ўнітарнай паўпрэзідэнцкай рэспублікай са сталіцай у Парыжы, найбуйнейшым горадзе краіны і галоўным культурным і эканамічным цэнтры. Падзяляецца на 18 рэгіёнаў, 5 з якіх адносяцца да заморскіх.https://www.lemonde.fr/politique/article/2014/12/17/la-carte-a-13-regions-definitivement-adoptee_4542278_823448.html Найбуйнейшая заморская тэрыторыя — Французская Гвіяна — знаходзіцца ў Паўднёвай Амерыцы.

Увесь жалезны век тэрыторыю сучаснай Францыі насялялі кельцкія плямёны галаў. Пад уладу Рыму Галія трапіла ў 51 годзе да н.э. У 476—843 з’яўлялася асновай дзяржавы Франкаў, з заходняга кавалка якой — Заходне-Франкскага каралеўства — у 987 годзе паўстала каралеўства Францыя. Усё наступнае Сярэднявечча, асабліва пасля перамогі ў Стогадовай вайне, Францыя была магутнай рэгіянальнай сілай. Эпоха Адраджэння прынесла росквіт французскай культуры, а таксама падаравала дзяржаве багатыя калоніі па ўсім свеце. Падчас праўлення караля-сонца Людовіка XIV Францыя была самай магутнай дзяржавай Еўропы. Рэвалюцыя канца XVIII стагоддзя зрынула абсалютную манархію і ўпершыню ў свеце дэкларавала правы чалавека і грамадзяніна на дзяржаўным узроўні. У XIX стагоддзі Францыя была двойчы імперыяй (Напалеон I і Напалеон III), аднойчы каралеўствам і двойчы рэспублікай. У XX стагоддзі Францыя стала арэнай дзвюх сусветных войн, падчас другой зведала чатырохгадовую фашысцкую акупацыю. З 1958 Французская дзяржава вядома як Пятая Рэспубліка.

Па памерах тэрыторыі Францыя з’яўляецца 42-й краінай у свеце, пры тым самай вялікай у Заходняй Еўропе і Еўрапейскім саюзе і трэцяй у Еўропе ў цэлым. Насельніцтва краіны складае 67 млн чалавек, гэта 21-ы паказчык паводле колькасці насельніцтва ў свеце і другі ў ЕС. Для Францыі характэрны высокі па еўрапейскіх мерках натуральны прырост насельніцтва, гэтаксама краіна з’яўляецца магнітам для мігрантаў. Этнічны склад стракаты. Дзяржаўная мова — французская, самая распаўсюджаная рэлігія — каталіцтва. Найбуйнейшыя гарады — Парыж, Ліён, Марсель, Ліль.

Францыя застаецца вялікай дзяржавай са значным культурным, эканамічным, ваенным і палітычным уплывам як у Еўропе, гэтак і ва ўсім свеце. Дзяржава мае пяты ў свеце па велічыні ваенны бюджэтTrends in world military expenditure, 2013. SIPRI, трэці арсенал ядзернай зброіStatus of World Nuclear Forces . Federation of American Scientists — Fas.org. і другі па велічыні дыпламатычны корпусFrance-Diplomatie. Diplomatie.gouv.fr.. Касмічная дзяржава, мае ўласны касмадром у Французскай Гвіяне.

Францыя з’яўляецца развітай краінай і мае сёмую па аб’ёме эканоміку ў свеце паводле намінальнага ВУПу і дзясятую паводле велічыні па парытэце пакупніцкай здольнасці.https://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/02/weodata/weorept.aspx?sy=2019&ey=2019&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&pr1.x=74&pr1.y=15&c=132&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=. Развітая хімічная прамысловасць цягне за сабой усе іншыя галіны. Найбуйнейшы ў ЕС вытворца і экспарцёр сельскагаспадарчай прадукцыі. Самая наведвальная турыстамі краіна свету.

Этымалогія Назва Францыя (Francia) пайшла з лаціны, дзе з III ст. н.э. ужывалася для абазначэння тэрыторыі, населенай франкамі, і літаральна азначала «зямля франкаў». Пасля распаду Рымскай імперыі тэрыторыя, у дачыненні да якой прымянялася назва, пашыралася разам з дзяржавай Франкаў. У першаснай форме тапонім захаваўся ў італьянскай і іспанскай мовах, амаль нязменным быў пераняты славянскімі.

Што тычыцца паходжання імя племені, то, паводле Гібана, слова «франк» таго ж кораня, што і слова frank (free) у англійскай мове — абодва азначаюць «свабодны». Гібан тлумачыць такую этымалогію тым, што франкі — адзіныя сярод скоранай рымлянамі Галіі — былі вызваленыя ад падаткаў. Паводле іншай версіі, франкі абавязаны сваім імем протагерманскаму frankon (дзіда). Цяпер гэтая версія прызнаная даследчыкамі няслушнай, паколькі даказана, што слова francisca, якім пазначалі кідальнікаў дзіды, пайшло ад франкаў, а не наадварот.

Геаграфічнае становішча

Метрапольная тэрыторыя Францыі распасціраецца ад Міжземнага мора да Ла-Манша і Паўночнага мора, і ад Рэйна да Атлантычнага акіяна. Гэта адна з трох краін, разам з Марока і Іспаніяй, якая мае выхад да Атлантыкі і Міжземнага мора адначасова. Францыя мяжуе з Бельгіяй, Люксембургам, Германіяй, Швейцарыяй, Італіяй і Манака на ўсходзе, Андорай і Іспаніяй на поўдні, і аддзеленая пралівам Ла-Манш ад Вялікабрытаніі на поўначы. Таксама ў Францыю ўваходзяць тэрыторыі, размешчаныя ў розных частках свету. Да заморскіх тэрыторый адносіцца Французская Гвіяна і шэраг астравоў у Карыбскім моры, Індыйскім і Ціхім акіянах.

Прырода

Рэльеф

Асноўныя горныя масівы: Альпы, Пірэнеі, Юра, Ардэны, Цэнтральны масіў і Вагезы. Пірэнеі, Альпы і Юра — горы альпійскай сістэмы. Манблан — найвышэйшы пункт Заходняй Еўропы (4807 м) — размяшчаецца на мяжы з Італіяй. Цэнтральны Французскі масіў, Армарыканскі масіў, Вагезы і Ардэны — разбураныя рэшткі старажытных герцынскіх гор. На поўначы і захадзе краіны размешчаны раўніны і нізкагор’і, якія займаюць 2/3 ад усёй тэрыторыі. Найбуйнейшыя раўніны — Парыжскі басейн (Паўночна-Французская нізіна), Гаронская нізіна (Аквітанскі басейн) і грабен Роны і Соны. Ланды — трохкутная нізіна на паўднёвым захадзе ад ніжняй плыні Гароны — вылучаюцца меней урадлівымі глебамі і засаджаны хваёвымі лясамі.

Клімат Францыя знаходзіцца ва ўмераным (поўнач і цэнтр) і субтрапічным (поўдзень) кліматычных паясах.

Умераны клімат мае выразны марскі характар: мяккія тэмпературныя кантрасты і багатыя ўстойлівыя ападкі на працягу ўсяго года. Заходнія паветраныя масы, праходзячы над цёплымі водамі Паўночна-Атлантычнага цячэння (працяг Гальфстрыму), насычаюцца вільгаццю. Пры распаўсюджванні заходніх паветраных мас рэдка назіраюцца экстрэмальныя тэмпературы. Напрыклад, у Брэсце сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, ліпеня — 17 °C, сума ападкаў дасягае 840 мм. Большая частка ападкаў церусіць зацяжным дробным дажджом. Неба звычайна зацягнута аблокамі, снегапады і маразы бываюць рэдка.

На ўсход кантынентальнасць клімату павялічваецца. Паветраныя масы, якія паступаюць з шырокіх унутраных частак Еўразіі, прыносяць мала вільгаці. Пры гэтым узімку ўсталёўваецца халоднае надвор’е, а ўлетку — гарачае. Напрыклад, у Страсбургу сярэдняя тэмпература студзеня −1 °C, і ўзімку перыяд з тэмпературамі ніжэй 0 °C звычайна складае 80 дзён.

Субтрапічны пояс класічна міжземнаморскі: гарачае сухое лета і вільготная прахалодная зіма. Міжземнаморскі ўплыў распаўсюджваецца на прыморскую зону шырынёй 160 км на поўдні Францыі. Напрыклад, у Марселі сярэдняя тэмпература студзеня 7 °C, а ліпеня 22 °C, хоць днём тэмпература часам павышаецца да 38 °C. Сярэдняя гадавая сума ападкаў складае 580 мм, выпадаюць яны ўзімку. Ахалоджвае праванскую зіму містраль — халодны вецер, які часам дзьме з паўночных гор.

Унутраныя воды

У Францыі чатыры вялікія ракі — Сена, Луара (найдаўжэйшая, 1012 км), Гарона і Рона. Сена дрэнуе Парыжскі басейн і ўпадае ў Атлантычны акіян паблізу Гаўра. Яна адрозніваецца раўнамерным размеркаваннем сцёку на працягу года, што спрыяе суднаходству, і злучаная каналамі з іншымі рэкамі. Луара бярэ пачатак у Цэнтральным Французскім масіве, перасякае паўднёвую частку Парыжскага басейна і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Нанта. Узровень вады ў гэтай рацэ моцна вагаецца, таму часта бываюць паводкі. Гэта характэрна і для Гароны, якая пачынаецца ў Пірэнеях, перасякае Гаронскую нізіну і ўпадае ў Атлантычны акіян каля Бардо. Рона бярэ пачатак у Швейцарыі і, выцякаючы з Жэнеўскага возера, трапляе на тэрыторыю Францыі. Яна злучаецца з Сонай паблізу Ліёна і ўпадае ў Міжземнае мора каля Марселя. Рона адрозніваецца хуткай плынню і валодае вялікім гідраэнергетычным патэнцыялам. Сістэма каналаў злучае паміж сабой асноўныя рэкі краіны, уключаючы раку Рэйн, па якой збольшага праходзіць мяжа з Германіяй і якая з’яўляецца адным з найважнейшых унутраных шляхоў зносін у Еўропе. Рэкі і каналы маюць вялікае значэнне для эканомікі Францыі.

Расліннасць У Францыі захаваліся толькі рэшткі велічных лясоў, якія некалі пакрывалі раўніны і нізкія горы. Большая частка раўнін разараная, а ўчасткі лесу прымеркаваныя да бяднейшых глеб. Аднак раўнінныя раёны Францыі зусім не пазбаўленыя дрэў: уздоўж дарог і каналаў звычайна цягнуцца лесапасадкі. Яны асабліва тыповыя для краявідаў Нармандыі і Брэтані.

Найбольш своеасаблівая расліннасць міжземнаморскага ўзбярэжжа, дзе могуць існаваць толькі расліны, здольныя пераносіць працяглую летнюю засуху. Замест лясоў тут растуць ізаляваныя невысокія дрэвы і хмызнякі, паміж якімі сустракаюцца выхады скальных парод. Самыя характэрныя дрэвы — масліна, коркавы дуб і алепская хвоя.

Для Альпаў і Пірэнеяў характэрна вышынная пояснасць.

Жывёльны свет Дзікая фаўна ў Францыі захавалася лепш, чым у суседніх краінах. З драпежных жывёл на тэрыторыі Францыі распаўсюджаныя лісіца, барсук, выдра, а на поўдні — генета. З грызуноў характэрныя вавёркі, пацукі і мышы. У паўднёвых раёнах шмат кажаноў. Месцамі захаваліся зайцы, а з капытных у асобных буйных лясных масівах сустракаюцца высакародны алень, казуля, дзік і бабёр. На востраве Корсіка ў гарах водзяцца муфлоны, або дзікія бараны (ад якіх, верагодна, пайшлі хатнія авечкі). Вельмі багаты і разнастайны свет птушак. У гарах Францыі захаваліся буйныя птушыныя драпежнікі. Выключным багаццем вадаплаўных і іншых птушак адрозніваецца раён Камарг у дэльце Роны. Асабліва багатая фаўна ў запаведніках і нацыянальных парках. Напрыклад, у Заходне-Пірэнейскім парку жывуць бурыя мядзведзі і сарны, у Нацыянальным парку Вануаз у Савоі — горныя казлы.

Краявіды

Гісторыя

Старажытнасць

Францыя ў дагістарычны перыяд была месцам старажытных стаянак неандэртальцаў і краманьёнцаў. У эпоху неаліту на тэрыторыі Францыі існавала некалькі багатых помнікамі дагістарычных культур. Дагістарычная Брэтань была культурна звязана з суседняй Брытаніяй, на яе тэрыторыі выяўлена вялікая колькасць мегалітаў. У перыяд позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку тэрыторыю Францыі засялялі кельцкія плямёны галаў, паўднёвы захад сучаснай Францыі — іберы, плямёны невядомага паходжання. У выніку паэтапнага заваявання, якое было завершана ў I стагоддзі да н.э. у выніку Гальскай вайны Юлія Цэзара, сучасная тэрыторыя Францыі ўвайшла ў склад Рымскай імперыі як правінцыя Галія. Насельніцтва было раманізавана і да V стагоддзя размаўляла на народнай латыні, якая стала асновай сучаснай французскай мовы.

Сярэднявечча

У 486 Галія была заваявана франкамі пад кіраўніцтвам Хлодвіга. Тым самым была створана Франкская дзяржава, а Хлодвіг стаў першым каралём дынастыі Меравінгаў. У VII стагоддзі ўлада караля істотна аслабла, а рэальнай сілай у дзяржаве завалодалі мажардомы, аднаму з якіх, Карлу Мартэлу, удалося ў 732 у бітве пры Пуацье разбіць арабскае войска і прадухіліць заваяванне арабамі Заходняй Еўропы. Сын Карла Мартэла, Піпін Кароткі, стаў першым каралём дынастыі Каралінгаў, а пры сыне Піпіна, Карле Вялікім, франкская дзяржава дасягнула найвышэйшага росквіту за ўсю гісторыю і займала большую частку тэрыторыі цяперашняй Заходняй і Паўднёвай Еўропы.

Пасля смерці сына Карла Вялікага — Людовіка Пабожнага — яго імперыя была падзелена на тры часткі. У 843 паводле Вердэнскага дагавора было створана Заходне-Франкскае каралеўства на чале з Карлам Лысым. Яно займала прыблізна тэрыторыю сучаснай Францыі. У X стагоддзі краіна стала называцца Францыяй.