Паралеўкобрыум даўгалісты (Paraleucobryum longifolium) — від лістасцябловых імхоў сямейства дыкранавых.
Апісанне Дзернавінкі даволі буйныя, 2-4 см вышынёй, рыхлыя або густыя, мяккія, белавата-зялёныя, бліскучыя, малалямцавыя. Сцябло прамастойнае або ўзыходнае, простае ці галінастае. Лісце серпападобна звілістае, павернутае ў адзін бок, з ланцэтнай асновы паступова доўгажалабата-шылападобнае, па краі двухрадкова дробназубчастае. Жылка простая, шырокая, займае ўсю шылападобную частку ліста. Клеткі ліста падоўжаныя, у вуглах асновы 6-вугольныя, утвараюць вушкападобную групу. Каробачка на ножцы, прадаўгавата-цыліндрычная, ад жоўта-зялёнай да жаўтавата-бурай. Перыстом просты. Вечка з шылападобным кончыкам.
Двухдомная расліна. Звычайна не спараносіць.
Пашырэнне Від з цыркумпалярным арэалам у Галарктыцы, які прасціраецца ад субарктыкі да лесастэпу; на поўдзень ад яго трапляецца ў гарах. Рэліктавы прадстаўнік барэальна-мантаннага фларыстычнага комплексу ў флоры Беларусі. Расце на буйных сілікатных валунах і старых гнілых пнях у зацененых месцах.
Літаратура Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь: Рэдкія і тыя, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення віды жывёл і раслін. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1993. ISBN 5-85700-095-5
Катэгорыя:Лістасцябловыя імхі