Крыж Добрасусе́дства — дзяржаўная ўзнагарода ў сістэме Нацыянальных узнагарод Беларусі, створаная Геральдычнай радай «Пагоня» для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Прызначана выключна для адзначэння замежных грамадзян за выдатныя заслугі перад беларускім народам.

Гісторыя Крыж быў распрацаваны Геральдычнай радай для Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі і выраблены за сродкі неназванага беларускага мецэната.

Уручэнне ўзнагароды пачалося яшчэ да афіцыйнага зацвярджэння яе канчатковага статута. Так, 14 верасня 2023 года кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла «Крыжам Добрасуседства» старшыню Еўрапарламента Раберту Мецолу. У студзені 2024 года крыж атрымаў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, а пазней — міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс.

Афіцыйна статут узнагароды ў межах адзінай Нацыянальнай сістэмы ўзнагарод быў зацверджаны пастановай Кабінета ад 16 лістапада 2024 года.

Статут і парадак узнагароджання Крыж уручаецца па рашэнні кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. Згодна з афіцыйным статутам, крыжам узнагароджваюцца выключна замежныя грамадзяне за выдатныя заслугі перад беларускім народам і Беларускай дзяржавай, якія істотна паўплывалі на вырашэнне палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных праблем Беларусі.

Падставамі для ўручэння з'яўляюцца: развіццё мірных і добрасуседскіх адносін паміж беларускім і іншымі народамі; пашырэнне публічнай дыпламатыі і міжнароднага дыялогу; эфектыўная дапамога ў мірны ці ваенны час; выяўленне і захаванне беларускай культурнай спадчыны; выратаванне і дапамога беларускім грамадзянам падчас надзвычайных сітуацый і ваенных канфліктаў.

Узнагарода можа надавацца пасмяротна. Крыж выдаецца бясплатна разам з адпаведным сертыфікатам і можа быць адабраны пры наяўнасці абвінаваўчых судовых выракаў за крымінальныя злачынствы. У агульнай іерархіі нацыянальных узнагарод крыж размяшчаецца пасля Крыжа Адраджэння Беларусі і ідзе непасрэдна перад баявымі медалямі. Ён носіцца на левым баку грудзей на цывільнай вопратцы або вайсковым мундзіры пасля нацыянальных ордэнаў.

Апісанне і семантыка Крыж вырабляецца з латуні з пакрыццём срэбрам 925-й пробы і мае памеры 33 на 33 міліметры. Ён уяўляе сабой прамы чатырохканцовы крыж серабрыстага колеру, пакрыты белай і чырвонай эмаллю ўздоўж канцоў, што ўтварае роўнавялікія палосы белага, чырвонага і белага колераў. Крыж пакладзены на серабрысты лаўровы вянок. У цэнтры знаходзіцца серабрысты круг з вершнікам герба «Пагоня» ўзору 1991 года.

На рэверсе выбіты лацінскі дэвіз «ARMA IN MANU CUM PACE IN CORDE» (), пад якім знаходзіцца парадкавы нумар.

Узнагарода мацуецца праз вушка да вертыкальнай шасцікутнай калодкі з трапецападобным нізам (памер калодкі 50×28 мм). Стужка чырвонага колеру мае ў цэнтры тры вузкія роўнавялікія палосы (белая, чырвоная, белая) шырынёй па 2,5 мм кожная.

У аснове візуальнай задумы сюжэта ляжаць чатыры плахты беларускага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, аб'яднаныя цэнтральным шчытком з «Пагоняй». Гэта ўтварае ўмоўнае перакрыжаванне напрамкаў знешняй палітыкі (захад, усход, поўнач, поўдзень). Лаўровы вянок сімвалізуе пашану, давер, узаемаразуменне і падзяку за наладжванне адносін добрасуседства.

Лацінскі надпіс-дэвіз з'яўляецца вербальным тлумачэннем выявы ўзброенага вершніка «Пагоні», якое было сфармулявана ў 1918 годзе беларускім палітычным дзеячам Раманам Скірмунтам пры вызначэнні прынцыпаў дыпламатыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Чырвоны колер стужкі разам з нацыянальнымі палосамі ўвасабляе ўмоўны шлях да вольнай Беларусі праз паразы і перамогі, кроў ахвяр і чысціню душы. Срэбра сімвалізуе сумленнасць, шляхетнасць і сціпласць.

Ацэнкі Віцэ-спікер Сейма Літвы Юозас Алекас адзначыў, што ўручэнне Святланай Ціханоўскай Крыжа Добрасуседства міністру замежных спраў Габрыэлюсу Ландсбергісу з’яўляецца важнай ацэнкай дзейнасці літоўскага ўрада.

Літаратура

Крыніцы

Катэгорыя:Узнагароды Беларусі Катэгорыя:Узнагароды дэмакратычных сіл Беларусі Катэгорыя:Крыжы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Катэгорыя:Крыжы (ўзнагароды) Катэгорыя:З’явіліся ў 2024 годзе