Гесперацыпа́рыс (Hesperocyparis), заходні кіпарыс — род голанасенных хвойных раслін сямейства кіпарысавых.

Апісанне Вечназялёныя аднадомныя дрэвы або кусты, вышыня асобных відаў дасягае 30-40 (часам да 50) метраў, дыяметр ствала можа перасягаць 5 м, аднак у большасці прадстаўнікоў роду вышыня да 15 м, а дыяметр ствала да 1 м. Кара шэрая або чырванавата-карычневая, у дарослых дрэў пласцініста адслойваецца. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона конусападобная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя, акруглыя або чатырохгранныя. Лісце простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае або дробназубчатае, часта з шызым напылам. Ювенільнае — супраціўнае або ў кальчаках па 3, іголкападобнае. Дарослае лісце супраціўнае, лускападобнае, часта з залозкай з ніжняга боку, даўжыня да 4 мм.

Мужчынскія шышкі дробныя, акруглыя або прадаўгаватыя, даўжыня 2-3 мм, жаўтавата-зялёныя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя або прадаўгаватыя, даўжыня 10-50 мм, звычайна з 3-6 парамі шчытападобных, патоўшчаных супраціўных лускавінак, светла-зялёныя, з невялікім вырастам у цэнтральнай частцы, выспяваюць на другі год пасля апылення. Пасля выспявання часта застаюцца закрытымі (раскрываюцца пасля пажараў або праз некалькі гадоў пасля выспявання), ападаюць цалкам. Насенне шматлікае (да 60-150 у шышцы), пляскатае, з двума вузкімі крылападобнымі вырастамі, карычневае або чорнае, звычайна з шызым напылам. Семядолей 3-5.

Пашырэнне Налічвае каля 17 відаў, якія часам разглядаюць у складзе роду . Большасць відаў мае невялікія арэалы. Распаўсюджаны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных шыротах на заходнім Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі (ЗША, Мексіка, Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа). Некалькі відаў шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара. У Беларусі інтрадукцыйныя выпрабаванні праходзяць і зрэдку вырошчваюцца і сарты гесперацыпарыса арызонскага (Hesperocyparis arizonica).

Святлалюбны, засухаўстойлівы, непатрабавальны да ўрадлівасці глебы, мала зімаўстойлівы. Добра расце ў гарадскіх умовах, устойлівы да шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку. Працягласць жыцця складае не менш за 280 гадоў.

Выкарыстанне Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, выкарыстоўваецца ў сталярнай справе, для вырабу музычных інструментаў. Некаторыя віды выкарыстоўваюцца ў лесаразвядзенні. Каштоўныя дэкаратыўныя расліны. У культуры некаторыя віды гібрыдызуюць з калітропсісам нутканскім (Callitropsis nootkatensis), шырока распаўсюджаны гібрыд з гесперацыпарысам буйнаплодным (Hesperocyparis macrocarpa).

Спасылкі

Катэгорыя:Кіпарысавыя