Май Во́льфавіч Да́нцыг () — беларускі жывапісец, грамадскі дзеяч.

Біяграфія З яўрэйскай сям’і. Нарадзіўся ў Менску ў раёне Нямігі. Да вайны скончыў 5 класаў сярэдняй школы № 12 і 3 класы музычнай школы. За часамі акупацыі Мінска ў гады Другой сусветнай вайны разам з сям’ёй у расійскім Ульянаўску. Пасля вяртання працягнуў вучобу ў школе № 42, паралельна наведваў дзіцячую мастацкую студыю Сяргея Каткова пры Палацы піянераў і школьнікаў.

У 1952 годзе скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, у 1958 годзе — Маскоўскі мастацкі інстытут імя Сурыкава. З 1958 года выкладаў у Беларускай акадэміі мастацтваў, з 1980 года — прафесар. З 1962 года ўваходзіў у праўленне Саюза мастакоў БССР.

З восені 1988 года да лета 2001 года старшыня Мінскага аб’яднання яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. У першай палове 1990-х гадоў займаўся праблемамі ўвекавечання памяці вязняў Мінскага гета як старшыня грамадскай камісіі па стварэнні мемарыяльнага комплексу. У 1995 годзе ўваходзіў у рэдакцыйную калегію газеты «Авив хадаш» (Мінск). Быў віцэ-прэзідэнтам Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Творчасць Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Сярод работ тэматычныя карціны «Раніца новага Мінска» (1959), «Партызанскае вяселле» (1968), «Купалаўскія радкі» (1972), «Легенда Беларусі» (1975), «І памятае свет уратаваны…» (1985—1995); лірычныя пейзажы «Стары і новы Мінск» (1963), «Мой горад старажытны, малады» (1972), «Цішыня» (1976), «Бацькаўшчына мая» (1982), «Мая Лагойшчына» (1985), серыя «Віцебск — радзіма Шагала» (1994); нацюрморты «Бэз» (1962), «Аб Вялікай Айчыннай…» (1968), «Ялінка» (1971), «Палітра новабудоўляў» (1979).

Стварыў партрэты, «Сталявар» (1956), «Кінарэжысёр Элем Клімаў» (1985), пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Васіля Быкава (абодва 1986), Анатоля Анікейчыка і інш.

Займаўся манументальным жывапісам, мазаічнае пано «Партызанскі паход» у кінатэатры «Партызан» (1966), мазаіка ў гасцініцы «Юбілейная» (1969, з Барысам Няпомняшчым) — абодва ў Мінску.

Творам Данцыга ўласцівы арыгінальныя кампазіцыйныя рашэнні, драматургічнасць зместу. Канструктыўна-пластычнае валоданне колерам, спалучэнне прыёмаў манументальнага і станковага мастацтваў, метафарычнасці і канкрэтыкі дазвалялі яму ствараць яркія мастацкія вобразы, поўна раскрыць сваю творчую індывідуальнасць.

Узнагароды Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973). Народны мастак Беларусі (1995). Кавалер ордэна Францыска Скарыны (2005).

Крыніцы

Літаратура

Май Данциг : живопись : альбом / авт. текста Г. А. Фатыхова. — Мн. : Интернешнл Транс-Кэпитэл, 2001. — с., включ. обл. Данцыг Май Вольфавіч // Беларускі саюз мастакоў : энцыкл. давед. — Мн., 1998.

Шаранговіч, Н. Мастак, улюбёны ў Мінск / Наталля Шаранговіч // Беларусь. 2001. № 9. Фатыхава, Г. «Мой город древний, молодой» / Галина Фатыхова // Нёман. 2001. № 10. Ліхінец, І. Мы не горшыя, мы — лепшыя / Ігнат Ліхінец // Альманах : Зап. Бел. дзярж. акад. мастацтваў. 2000. № 3. Левина, А. Кто спасет красоту? / Алла Левина // Мишпоха. 2000. № 7. Сурскі А. А. Май Вольфавіч Данцыг: заслужаны мастак Беларускай ССР г. Мінск; аб мінулым і сучасным// Советский художник, 1975 Дубінін, А. Май Данцыг. Буйніцы і драбніцы / Андрэй Дубінін // Belisrael. Народны ізраільска-беларускі сайт. 28.03.2018. http://belisrael.info/?p=14612

Спасылкі

«Данцыг без эскізаў». Інтэрв’ю з мастаком

Катэгорыя:Мастакі СССР Катэгорыя:Мастакі Беларусі Катэгорыя:Мастакі XX стагоддзя Катэгорыя:Мастакі XXI стагоддзя Катэгорыя:Вучні Сяргея Каткова