Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан ў гады Вялікай Айчыннай вайны — музей, створаны ў г. п. Расоны паводле пастановы бюро ЦК КПБ ад 18 жніўня 1978 г. Для наведвальнікаў адчынены 4 ліпеня 1981 г. Да 1990 г. з'яўляўся філіялам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Музеем кіравалі Л. А. Макараў, А. І. Герасімаў. 3 1997 г. дырэктар Н. М. Свяжынская.
Гарадскі пасёлак Расоны размешчаны на стыку 3 дзяржаў — Расіі, Беларусі і Латвіі. У гэтых мясцінах у час Вялікай Айчыннай вайны на вялікай тэрыторыі (пл. 10 тыс. км²) быў утвораны Брацкі партызанскі край.
Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5460 экспанатаў, навукова-дапаможны — 10 241 адзінку захоўвання. Агульная плошча экспазіцыі 955 м2.
Фонд музея Збор музейных прадметаў вядзецца па калекцыях: фотадакументы, дакументы, рэчавы фонд, зброя, нумізматыка, выяўленчае мастацтва. Сярод экспанатаў шматлікія ўзнагароды воінаў і партызан, імянная, у т.л. самаробная партызанская зброя, стралковае і артылерыйскае ўзбраенне, падпольныя друкаваныя выданні, жывапіс, скульптура, макеты, абмундзіраванне перыяду Вялікай Айчыннай вайны і інш. У музеі выставачная і 10 экспазіцыйных залаў. Экспазіцыя размешчана ў раздзелах: нападзенне Германіі на СССР, абарончыя баі на паўночным захадзе Беларусі, нашы землякі — удзельнікі баёў на асноўных участках фронту ў пачатковы перыяд вайны; зараджэнне і развіццё антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Расонска-Асвейскім краі, акупацыйны рэжым і зверствы гітлераўцаў; арганізацыя і баявая дзейнасць партызанскіх брыгад на поўначы Віцебскай вобласці, стварэнне Расонска-Асвейскай партызанскай зоны; утварэнне Брацкага партызанскага краю, сумесныя баявыя аперацыі партызан; жыццё і побыт насельніцтва і партызан у краі; баявыя дзеянні партызан краю; удзел партызан краю ў «рэйкавай вайне», баявое ўзаемадзеянне партызан з воінамі Чырвонай Арміі; вызваленне паўночна-заходняй часткі Беларусі, удзел ураджэнцаў Расоншчыны ў вызваленчым паходзе Чырвонай Арміі ў краіны Заходняй Еўропы. Асобная зала музея прысвечана вядомаму дзяржаўнаму дзеячу Беларусі П.М. Машэраву.
У музеі дзейнічае пастаянная выстаўка «Гісторыя Расонскага краю». Арганізуюцца выстаўкі ваенна-патрыятычнага і мастацкага кірунку, а таксама выязныя ў в. Роўнае Поле, дзе прадметамі партызанскага побыту афармляюцца зямлянкі байцоў брыгады імя К.К. Ракасоўскага.
Літаратура
Музей баявой садружнасці беларускіх, рускіх, латышскіх і літоўскіх партызан//Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. – Мн., 1999. – Т. 5. – С. 232. Музей боевого содружества: Путеводитель / Бел. гос. музей истории Великой Отечественной войны; Сост. И.Ю.Воронкова и др. – Мн.: Полымя, 1988. – с. Шпыркоў А. Ісці музею ў партызаны?.. / / Віцебскі рабочы. – 1994. – 26 лістап.
Катэгорыя:Музеі Віцебскай вобласці Катэгорыя:Расоны