Археалагічныя даследаванні Старога замка ў Гродне праводзіліся ў XX стагоддзі ў Гродне на тэрыторыі Старога замка, падчас якіх быў ўдакладнены сярэдневяковы перыяд гісторыі Гродна.

Перадумовы

Доўгі час нараджэнне Гродна лічылася самай сапраўднай таямніцай і доўгі час выклікала спрэчкі археолагаў і гісторыкаў, паколькі не захавалася падрабязных летапісных звестак, легенд ці паданняў пра ўзнікненне Гродна.

Летапісна гарадзенскія князі згадваюцца ў 1116: «Том жа лёце Володимер (Манамах) отда дщерь сваю Огафью за Всеволодка». Усеваладка, а таксама Агаф’я, былі нашчадкамі Яраслава Мудрага. У той час Гарадзенскае княства знаходзілася ў арбіце палітыкі кіеўскіх князёў. У знакамітым паходзе на Полацк, арганізаваным кіеўскім князем Мсціславам Уладзіміравічам у 1127, калі ўдар на Полацкую зямлю планавалася зрабіць адначасова з чатырох бакоў («четырьми шляхі»), згадваецца і «Всеволодко из Городна»; а самі гарадзенскія сілы названы пры гэтым на трэцім месцы пасля Уладзіміра-Валынскага і Турава. Такім чынам у вучоных не было сумневу, што Гародня ўжо існавала, і Гарадзенскае княства ўяўляла значную ваенна-феадальную адзінку.

Але паколькі звесткі летапісаў былі ўрыўкавыя і няпоўныя і не давалі поўнага ўяўлення аб месцазнаходжанні горада, то доўгі час працягвалася дыскусія паміж гісторыкамі ў XIX — пачатку XX ст. наконт таго, калі і дзе ўзнікла летапісная Гародня.

Большасць даследчыкаў сцвярджала, што горад, аб якім паведамляюць летапісы,— гэта Гродна над Нёманам. Такой думкі прытрымліваліся даследчыкі: В. Антаневіч, П. Сямёнаў, П. Баброўскі, З. Глогер. Падзяляў яе і Я. Арлоўскі, які на IX археалагічным з’ездзе ў Вільні прысвяціў гэтай тэме свой даклад.

Але існавала і другая група вучоных — М. Карамзін, С. Салаўёў, Н. Барсаў, якія лічылі, што вялікая аддаленасць нёманскай Гародні ад найважнейшых старажытнарускіх палітычных цэнтраў не дазваляе злучаць з ёй паведамленні летапісаў, а таму атаясамлівалі летапіснае Гродна з мястэчкам Гарадно, што знаходзіцца ў цяперашнім Столінскім раёне Брэсцкай вобласці — славутым цэнтры народнага ганчарства. Пазней да такога пункту гледжання далучыліся польскія даследчыкі Ю. Ядкоўскі і Г. Лаўмянскі.

Некаторыя гісторыкі (Н. І. Ермаловіч і інш.) летапісныя дадзеныя XII ст. адносілі да пінскай Гародні, а звесткі XIII ст. злучалі з Гародняй нёманскай. Па пытанне пра месцазнаходжанне горада пасля XIII ст. сярод даследчыкаў рознагалоссяў не было.

Аднак ні адзін з бакоў не змог прывесці пераканаўчых аргументаў у карысць сваёй пазіцыі з-за абмежаванасці пісьмовых крыніц. Відавочна, што гэтае пытанне магло быць канчаткова вырашана толькі пры дапамозе археалагічных даследаванняў абодвух геаграфічных пунктаў.

Умоўна першым археолагам Гродна можна назваць Ігната Кульчынскага (1707—1747?), гродзенскага архімандрыта, настаяцеля базыльянскага манастыра, які хоць і не праводзіў археалагічныя раскопкі, але ў сваіх даследаваннях карыстаўся археалагічнымі метадамі. І. Кульчынскі першы датаваў Барысаглебскую царкву 12 стагоддзем, параўнаўшы цэглу-плінфу, з якой зроблена царква, з аналагічным матэрыялам полацкага Сафійскага сабора

Даследаванні Ю. Ядкоўскага У пачатку 1930-х гадоў гродзенскія ўлады змагаліся з пастаянным падмываннем берага Нёманам пад час паводак. Для гэтага бераг Замкавай гары аблямавалі каменем, а схілы было вырашана падсыпаць зямлёй, узятай зверху з пляцоўкі гары, дзе тады ўжо быў двор музея.

Працы ўзначаліў стваральнік музея і яго першы дырэктар, археолаг-энтузіяст Ю. Ядкоўскі. Самі працы праводзіліся на працягу 4 год: 1932—1936. З пачаткам земляных прац выявіліся магутныя гатычныя муры ўмацаванняў, зробленых з радоў буйных камянёў уперамешку з радамі цэглы. Таксама была знойдзена ніжняя частка маленькай аднаапсіднай царквы, рэшткі якой удалося расчысціць усярэдзіне замка. Цэгла з усіх гэтых збудаванняў належала да канца XIV — пачатку XV ст. да тых часоў, калі гродзенскім князем быў Вітаўт (1350—1430).

Раскопкі Ю. Ядкоўскага аказаліся сапраўднай сенсацыяй, а знаходкі настолькі шматлікімі, што фінансаванне гродзенскіх даследаванняў працягвалася да канца 1930-х гадоў да самага пачатку Другой сусветнай вайны. Аднак далейшыя адкрыцці былі яшчэ больш ашаламляльнымі. Ніжэй слаёў эпохі Вітаўта выявіліся унікальныя збудаванні часоў Кіеўскай Русі. Аказалася, што ў часы Усеваладкі і яго сыноў частка ўмацаванняў замка была выканана не з дрэва, а з вузкай і доўгай цэглы-плінфы, змацаванай характэрнай для XII ст. ружовай «цэмянкай» (вапна, змешаная з тоўчанай цэглай). Усярэдзіне замка былі раскрытыя рэшткі княжацкага цаглянага «церама» і унікальнага помніка — трохапсіднай трохнефавай царквы — усе збудаваныя ў адной тэхніцы.

Аб унікальных адкрыццях Ю. Ядкоўскага пачалі пісаць многія еўрапейскія газеты. Аднак у 1936 выбухнуў навуковы скандал. Віленскі прафесар Яманоўскі, наведаўшы раскопкі, высветліў, што метады даследавання Ю. Ядкоўскага далёкія ад сучаснай навукі. Старажытныя напластаванні не фіксаваліся, знойдзеныя рэчы з імі не звязваліся, зменшаліся паміж сабой і заставаліся бяспашпартнымі і для навукі бескарыснымі. Горш за ўсё было тое, што аўтар раскопак абкапаў знойдзеныя пабудовы метровымі траншэямі, адрэзаўшы іх ад слаёў, у якіх яны былі збудаваныя, што значна ўскладніла вызначэнне даты пабудоваў. У выніку дэбатаў археалагічнай камісіі Ядкоўскі быў адхілены ад раскопак. Тым не менш, Ядкоўскі паспеў апублікаваць грунтоўны артыкул «Сярэдневяковае Гродна ў святле археалагічных раскопак у Старым каралеўскім замку ў Гродне ў 1932—1933 гг.» (Варшава, 1934), а асноўныя яго меркаванні аб мураваных пабудовах XII ст. лічацца слушнымі і зараз.

Даследаванні З. Дурчэўскага і Я. Вайцяхоўскага thumb|справа|450px|Раскопкі Ніжняй царквы. Канец 1930-ых гг. Ядкоўскага замяніў малады варшаўскі археолаг Здзіслаў Дурчэўскі, а пасля і Яраслаў Вайцяхоўскі, якія працягвалі працы ўжо на сучасным узроўні.

Іх вынікі таксама пераўзышлі ўсе спадзяванні: аказалася, што пад замкам Баторыя (XVI ст.) цалкам захаваліся ніжняя часткі палаца Вітаўта (XIV ст.), а некаторыя яго часткі ўвайшлі ў муры пабудовы часоў Баторыя.

Дурчэўскі ў 1937—1939 правёў даследаванні на захад ад Ніжняй царквы. Рэшткі Верхняга храма пры ім былі закансерваваны. Потым іх знялі з падмуркаў Ніжняй царквы і перанеслі ў спецыяльны збудаваны каля будынка каралеўскага палаца будан, дзе яны знаходзяцца і зараз. Агульная плошча раскапак З. Дурчэўскага склала каля 300 кв. м. Раскопкі пачаліся з глыбіні 3,4 м ад узроўню тагачаснай дзённай паверхні, таму што больш познія наслаенні былі знятыя пад кіраўніцтвам Ю. Ядкоўскага пры ўмацаванні схілаў Замкавай гары. За дзённую паверхню сваіх раскопак З. Дурчэўскі прыняў брук замкавага двара часоў Вітаўта. На працягу аднаго палявога сезона 1937 даследчык распрацаваў культурны пласт на глыбіню 2,2 м і дасягнуў глыбіні 5,6 м. Уся плошча, якая раскопвалася, была падзелена на квадраты плошчай 4 кв. м. Кожны з квадратаў меў свой нумар.

Пільную ўвагу археолаг надаваў апісанню стратыграфіі культурнага пласта. На працягу трох гадоў З. Дурчэўскі вывучыў культурныя наслаенні таўшчынёй каля 4,5 м. Даследаванні ён давёў да мацерыка, які залягаў на глыбіні ад 8 да 8,15 м. Усяго зафіксавана 14 розначасовых слаёў і праслоек. Пры раскопках ім былі выяўлены рэшткі 23 драўляных пабудоў. У развіцці Гродна Дурчэўскі вылучыў два перыяды: рускі горад канца XII — 1-й паловы XIII ст. і час панавання літоўскіх князёў, так званы літоўскі перыяд, які абмяжоўваўся даследчыкам XIII—XIV стст.

Даследаванні З. Дурчэўскага канчаткова вырашылі на карысць сучаснага Гродна навуковую дыскусію адносна месцазнаходжання летапіснага горада.

Я. Вайцэхоўскі апублікаваў свае найцікавейшыя даследаванні ў 1938, а працам З. Дурчэўскага лёс не спрыяў: у 1939 пачалася другая сусветная вайна, а ў 1944 даследчык загінуў падчас Варшаўскага паўстання.

Падчас вайны калекцыя старажытных рэчаў, сабраная пры раскопках, была часткова разрабавана і дэпартавана. Большая частка археалагічных матэрыялаў была звалена ў адну кучу, многія рэчы дэпашпартызаваныя.

Даследаванні ў 1940-1950-ыя гады thumb|справа|350px|Рэшткі дамоў, знойдзеныя падчас раскопак Пасля заканчэння вайны, у лістападзе 1945, у Гродна прыехалі вядомыя польскія археолагі У. Галубовіч і Х. Цегак-Галубовіч. Яны ў тым ліку ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках старажытнага Менска. Вучоныя стварылі пад сваім кіраўніцтвам рабочую групу ў складзе чатырох чалавек і на працягу пяці месяцаў, па сакавік 1946, правялі вялізную працу па выратаванні музейных калекцый Старога замка, у тым ліку і археалагічных. Намаганнямі даследчыкаў удалося аднавіць пашпарты амаль на 70 % знаходак з раскопак 1932—1939 гг. Засноўваючыся на звестках аб земляных работах у гістарычнай зоне горада, даследчыкі выказалі меркаванне, што тэрыторыя Новага замка і участкі на ўсход ад дзядзінца былі заселены ўжо ў старажытнасці. Па выніках сваіх прац даследчыкі напісалі кнігу «Новыя матэрыялы па гісторыі Гродна ў раннефеадальную гісторыю», якая аднак не была апублікавана.

Новыя буйныя раскопкі на Старым замку правяла экспедыцыя пад кіраўніцтвам вядомага расійскага даследчыка М. М. Вароніна ў жніўні—кастрычніку 1949. У склад экспедыцыі ўваходзілі вядомыя археолагі В. Янін, В. Сядоў, А. Нікіцін, Л. Аляксееў, палеазаолаг В. Цалкін, палеабатанік А. Кір’янаў і археолаг Ф. Гурэвіч. Актыўна працавалі на раскопках і супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Асноўнымі задачамі раскопак было ўдакладненне стратыграфіі помніка і поўнае раскрыццё Ніжняй царквы.

Вынікам гэтага даследавання стала грунтоўная манаграфія М. М. Вароніна «Древнее Гродно», у якой дэталёва разгледжана пачатковая гісторыя горада на фоне гісторыі ўсяго рэгіёна, матэрыяльная культура старажытных гарадзенцаў. Асобны раздзел прысвечаны помнікам мураванага дойлідства XII ст. Варонін удакладніў стратыграфію культурнага пласта Старога замка, паказаў развіццё матэрыяльнай культуры горада XI—XIV ст., дэталёва апісаў драўляныя пабудовы XI—XIV ст., мураваныя пабудовы XII ст.

Характарыстыцы матэрыяльнай культуры прысвечаны цэлы раздзел кнігі. Услед за Галубовічамі аўтар падрабязна апісвае знаходкі і прыводзіць іх аналогіі з іншых помнікаў. Шматлікі рэчавы матэрыял дае магчымасць археолагу шырока і падрабязна ахарактарызаваць рамесную вытворчасць, заняткі насельніцтва, гандлёвыя сувязі старажытнага Гродна. М. Варонін, апісваючы планіроўку і драўляную забудову, адзначаў наяўнасць вуліц на тэрыторыі крэпасці ў XII—XIII стст і падкрэсліваў, што з цягам часу забудова паступова рабілася больш сціслай. Параўноўваючы будаўнічыя прыёмы і забудову старажытнага Гродна з Давыд-Гарадком, адзначае іх падабенства.

Значнае месца ў працы займае даследаванне помнікаў архітэктуры XIII ст. Сярод іх аўтар аналізуе асаблівасці царквы Барыса і Глеба, што знаходзілася за межамі замка, ва ўрочышчы Каложа. На думку даследчыка, яна была пабудавана пазней за помнікі, выяўленыя на тэрыторыі замка. Вялікая ўвага ў працы надаецца вынікам даследавання Ніжняй царквы ў цэнтры гарадзенскага дзядзінца. М. Варонін адзначыў, што Ніжняя царква, як і Барысаглебская царква была змуравана з цэглы некалькіх відаў, для яе вонкавага аздаблення выкарыстоўваліся шліфаваныя камяні. У падлозе царквы месцамі захавалася маёлікавая плітка жоўтага, зялёнага і карычневага колераў рознай формы. У інтэр’еры храма шырока ўжываліся галаснікі, а дах царквы быў накрыты свінцом. Даследчык слушна заўважыў, што муроўка царквы бессістэмная, таму перавязка швоў часам парушаецца. Варонін адзначыў, што сцены царквы былі даволі тонкія (да 1,05 м) і наяўнасць у іх галаснікоў і валуноў рабіла іх яшчэ менш трывалымі. Да таго ж у выніку даследаванняў археолаг высветліў, што падмурак храма быў выкладзены з дробных камянёў без ужывання рошчыны на глыбіню ўсяго 0,45—0,5 м. Гэтыя канструкцыйныя памылкі, на думку даследчыка, і садзейнічалі даволі хуткаму разбурэнню помніка, пачаткам якога вучоны лічыў пажар падчас навальніцы ў 1183.