Васіль Стома () — беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч эміграцыі.
Біяграфія Нарадзіўся 4 сакавіка 1911 года ў мястэчку Лужкі Дзісенскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці). Рана страціў бацьку. Вучыўся ў лужкоўскай школе.
Падчас Другой сусветнай вайны працаваў у раённай акупацыйнай адміністрацыі ў Дзісне. У 1944 годзе разам з маці і сёстрамі выехаў у Германію.
З 1949 года жыў у ЗША, у Нью-Брансуіку (Нью-Джэрсі). Быў адным з заснавальнікаў аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Нью-Джэрсі, старшынёй у Беларускім культурна-асветным камітэце, сябрам рэдкалегіі газеты «Беларус», сябрам Рады БНР, парафіянінам царквы Жыровіцкай Божай Маці, выкладчыкам у беларускай суботняй школе, выступаў ініцыятарам школьных тэатральных пастановак. Працаваў краўцом у краме адзення. У вольны ад працы ў кравецкай майстэрні час згадваў пра абрады і звычаі Дзісеншчыны, складаў слоўнічак тамтэйшага дыялекту, таксама пісаў успаміны.
Аўтар кнігі ўспамінаў, прысвечаных Лужкам, — «Маё мястэчка». «Маё мястэчка» ў 1980-х гадах друкавалася на старонках эміграцыйнага часопіса «Беларускі свет», у 1998 годзе — у метрапольным «Полымі». Успаміны выдадзены асобнай кнігай у Мінску ў 2014 годзе, а 2 жніўня 2014 года адбылася прэзентацыя кнігі ў Лужках.
Памёр 31 мая 1992 года ў Нью-Брансуіку. Пахаваны на беларускіх могілках ў Іст-Брансуіку пры парафіі царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Хайленд-Парку.
Цікавыя факты Паводле сваякоў, Васіль Стома аднойчы прышываў гузік Альберту Эйнштэйну.
Бібліяграфія Стома, Васіль. Маё мястэчка. -- Мінск: Лімарыус, 2014. — 292 с. (Беларуская мемуарная бібліятэка) — ISBN 978-985-6968-36-8
Крыніцы
Літаратура Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. — Мінск: БГА, 2002.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў Шаркаўшчынскім раёне Катэгорыя:Беларусы ў ЗША Катэгорыя:Члены Беларуска-амерыканскага задзіночання Катэгорыя:Члены Рады Беларускай Народнай Рэспублікі