Кайнэ́ (ад κοινή — , таксама вядомая як александры́йскі дыяле́кт, агу́льная аты́чная альбо эліністы́чная грэ́чаская) — былая агульная надрэгіянальная форма грэчаскай мовы, якая выкарыстоўвалася ў вусным і пісьмовым ужытку падчас эліністычнай эры і эпохі Рымскага панавання.

Узнікла ў выніку распаўсюджвання грэчаскай мовы пасля заваяванняў Аляксандра Македонскага ў IV ст. да н.э. і служыла ў якасці агульнага лінгва франка ў большай частцы рэгіёна Міжземнамор’я і Блізкага Усходу ў наступныя стагоддзі. Засноўвалася, у першую чаргу, на атычнай і блізкай да яе іанічнай маўленчых формах, а таксама ўключала некаторыя рысы іншых дыялектаў, ад чаго адбылося своеасаблівае згладжванне дыялектных рыс у параўнанні з іншымі дыялектамі.

Грэчаскае кайнэ было прадстаўлена шматлікімі формамі, пачынаючы ад больш кансерватыўных літаратурных форм да мясцовых гутарковых народных варыяцый.

Як асноўная мова Візантыйскай імперыі кайнэ далей развілася ў сярэдневяковую грэчаскую, якая стала галоўным продкам навагрэчаская мовы, мяжа паміж якімі адзначаецца ў прыкладна 600 гадоў.

Літаратурная мова кайнэ прысутнічала ў большай частцы посткласічнай грэчаскай літаратуры і навуцы, напрыклад, працах Плутарха і Палібія. Грэчаскае кайнэ таксама з’яўлялася моваю, на якой былі напісаны Новы Запавет, а таксама Септуагінта (грэчаскі пераклад Яўрэйскай Бібліі, 3 ст. да н.э.) і самыя раннія тэалагічныя дакументы Айцоў Царквы. У гэтым кантэксце грэчаскае кайнэ вядомае таксама як «Біблейскае», «Новазапаветнае» або «патрыстычная грэчаская»A history of ancient Greek by Maria Chritē, Maria Arapopoulou, Centre for the Greek Language (Thessalonikē, Greece) pg 436 ISBN 0-521-83307-8.

Назва Слова кайнэ () у перакладзе з грэчаскай азначае «агульны» і ў гэтым кантэксце абазначае «агульны дыялект» (). Старажытнагрэчаскае вымаўленне слова рэалізоўвалася як [koiˈneː], паводле навагрэчаскай мовы — як [ciˈni].

Тэрмін ужываўся ў розных сэнсах рознымі старажытнымі навуковымі школамі. Напрыклад, навуковая школа Апалонія Дыскола і Элія Герадыяна пад тэрмінам кайнэ мела на ўвазе протагрэчаскую мову, у той час як іншыя выкарыстоўвалі яго для пазначэння любой народнай формы грэчаскага маўлення, якія так ці іначай адрозніваліся ад літаратурнай мовыAndriotis, Nikolaos P. History of the Greek Language..

Аднак калі грэчаскае кайнэ стала ў I ст. да н.э. моваю літаратуры, некаторыя людзі сталі адрозніваць у кайнэ дзве формы: пісьмовую грэчаскую як літаратурную класічную і простамоўную паўсядзённую формы. Іншыя пад тэрмінам кайнэ сталі разумець александрыйскі дыялект (), дыялект Александрыі альбо нават тагачасны ўніверсальны дыялект. Раней таксама часта з’яўлялася мовай ужытку сярод сучасных класіцыстаў.

Паходжанне і гісторыя Грэчаскае кайнэ ўзнікла ў асяроддзі арміі Аляксандра Македонскага. У перыяд панавання Македоніі зноў узнік агульны дыялект, які распаўсюдзіўся на тэрыторыі ад Егіпта да Месапатаміі. Хаця элементы грэчаскага кайнэ аформіліся ў перыяд Класічнай Эры, пачатак грэчаскага паслякласічнага перыяду вызначаецца са смерцю Аляксандра Македонскага ў 323 годзе да н.э., калі культуры, што знаходзіліся пад эліністычным уплывам, сталі ў сваю чаргу аказваць уплыў на мову.

Наступны гістарычны перыяд пачынаецца з узнікненнем сярэдневяковай грэчаскай мовы і звычайна датуецца ад часу заснавання Канстанцінопаля Канстанцінам I у 330 годзе. Такім чынам, можна казаць пра ўзнікненне і развіццё грэчаскага паслякласічнага перыяду на працягу ўсёй эліністычнай і рымскай эпох ажно да пачатку Сярэдневякоўя.

Моўныя карані агульнага грэчаскага дыялекту заставаліся незразумелымі з самых антычных часоў. У эліністычную эпоху меркавалі, што кайнэ — вынік змяшэння чатырох галоўных дыялектаў старажытнагрэчаскай мовы ( — «аб’яднанне чатырох»). Гэты погляд у пачатку XX ст. падтрымаў нямецкі лінгвіст Паўль Крэчмер у сваёй працы «Die Entstehung der Koine» (1901 год), у той час як Ульрых Вілямовіц і Антуан Мее, абапіраючыся на істотныя іанічныя элементы ў кайнэ (напрыклад σσ замест ττ, ρσ замест ρρ (θάλασσα — θάλαττα, ἀρσενικός — ἀρρενικός)) лічылі, што кайнэ з’яўляецца спрошчанай формай іанічных дыялектаў. Погляд, прыняты на сёння акадэмічнай навукай, агучыў грэчаскі лінгвіст Георгіёс Хатцыдакіс. Ён даказаў, што, нягледзячы на тэзісы пра «аб’яднанне чатырох» і «ўстойлівае ядро», грэчаскае кайнэ мае атычнае паходжанне. Іншымі словамі, паходжанне кайнэ можна разглядаць як атычнае з дадаткам вызначаных іанічных элементаў (аднак пры гэтым дадатковыя элементы паходзяць не толькі з іанічных, а яшчэ і з іншых дыялектаў). Ступень прысутнасці неатычных моўных элементаў у кайнэ можа адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна эліністычнага свету. Напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў іанічных калоніях Малой Азіі (напрыклад, Понт), былі пад большым іанічным ўплывам чым, напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў Лаконіі і Кіпры, і якія неслі ў сабе дарыйскі і аркада-кіпрскі ўплывы адпаведна.

Літаратурнае кайнэ эліністычнай эпохі мае падабенства з атычным дыялектам у такой ступені, што з гэтай прычыны яго [кайнэ] часта ўзгадваюць як агульную атычную.

Крыніцы Першымі вучонымі, якія вывучалі кайнэ (як у александрыйскі, так і ў найноўшы час), былі класіцысты, якія вывучалі літаратурны атычны дыялект класічнага перыяду, і, разам з гэтым, адмоўна ставіліся да іншых варыяцый грэчаскай мовы. З гэтай прычыны, кайнэ на працягу істотнага часу лічылася не вартай увагі сапсаванай формай грэчаскай мовы. Перагляд гістарычнай і лінгвістычнай значнасці кайнэ пачаўся толькі ў пачатку ХІХ ст., калі была праведзена серыя даследаванняў на тэму эвалюцыі кайнэ на працягу ўсяго эліністычнага і рымскага перыядаў.

Крыніцы, выкарыстаныя ў гэтых даследаваннях кайнэ, шматлікія і нераўназначныя па якасці. Самыя значныя з іх — надпісы посткласічнага перыяду і папірусы — два віды тэкстаў з аўтэнтычным зместам, што могуць разглядацца як першакрыніцы. Іншымі важнымі крыніцамі з’яўляюцца Септуагінта, грэчаскі пераклад Старога Запавету Бібліі, а таксама Новы Запавет. Інфармацую пра кайнэ таксама можна атрымаць з твораў некаторых атыцыстаў эліністычнага і рымскага перыядаў, якія, не прымаючы эвалюцыю мовы, публікавалі працы, згодна з якімі правільныя, на іх думку, фрагменты на атычным дыялекце параўноваліся, на іхнюю ж думку, з няправільнымі фрагментамі на кайнэ. Напрыклад, Фрыніх Арабій у II ст. н.э. пісаў:

Βασίλισσα οὐδείς τῶν Ἀρχαίων εἶπεν, ἀλλὰ βασίλεια ἢ βασιλίς. «Basílissa () ніхто са старажытных не казаў, а basíleia ці basilís». Διωρία ἐσχάτως ἀδόκιμον, ἀντ' αυτοῦ δὲ προθεσμίαν ἐρεῖς. «Dioría (прызначаны тэрмін, час) абсалютна не літаратурна, замест гэтага трэба казаць prothesmía». Πάντοτε μὴ λέγε, ἀλλὰ ἑκάστοτε καὶ διὰ παντός. «Не кажыце pántote (), а hekástote і diá pantós»

Іншыя крыніцы могуць засноўвацца на выпадковых знаходках, як напрыклад надпісы на вазах, напісаныя вядомымі мастакамі, памылкі, зробленыя атыцыстамі праз неідэальнае валоданне літаратурнай атычнай формай, а таксама грэка-лацінскія слоўнікі, якія захаваліся з рымскага перыяду Augsburg., прыкладам:

Καλήμερον, ἦλθες;Bono die, venisti?

Ἐὰν θέλεις, ἐλθὲ μεθ' ἡμῶν.Si vis, veni mecum.

Ποῦ;Ubi?

Πρὸς φίλον ἡμέτερον Λεύκιον.Ad amicum nostrum Lucium.

Τί γὰρ ἔχει;Quid enim habet?

Ἀρρωστεῖ.Aegrotat.

Урэшце, вельмі важнай крыніцай інфармацыі пра антычнае кайнэ з’яўляюцца сучасная грэчаская мова, яе дыялекты і свая ўласная форма кайнэ, якія захавалі шэраг вусных рыс старажытнай мовы, страчаных, аднак, у пісьмовай традыцыі. Напрыклад, пантыйскі і кападакійскі дыялекты захавалі вымаўленне η як ε (νύφε, συνέλικος, τίμεσον, πεγάδι і г.д.), разам з гэтым у цаконскім дыялекце захавалася вымаўленне падоўжанага α замест η (ἁμέρα, ἀστραπά, λίμνα, χοά і г.д.) і іншыя мясцовыя рысы дарыйскага грэчаскага дыялекту. Дыялекты, носьбіты якіх жылі на поўдні грэчаскамоўных рэгіёнаў (Дадэканес, Кіпр) захавалі вымаўленне двайной зычнай (ἄλ-λος, Ἑλ-λάδα, θάλασ-σα), тады як у іншых дыялектах назіраецца вымаўленне υ як ου альбо захаванне ў вымаўленні антычных двайных форм (κρόμμυον — κρεμ-μυον, ράξ — ρώξ і г.д.). Моўныя з’явы, падобныя на пералічаныя вышэй, выжылі ў кайнэ, якая ў сваю чаргу мела вялікую колькасць варыяцый па ўсёй грэчаскамоўнай прасторы.

Варыяцыі кайнэ thumb|200px|Папірус 46 — адзін з найстарэйшых захаваных рукапісаў Новага Запавету, напісаны на папірусе на грэчаскай мове. Найбольш імаверная дата стварэння — паміж 175—225 гг. н. э.

Біблейскае кайнэ Біблейскае кайнэ паходзіць ад віду грэчаскага кайнэ, выкарыстанага ў Грэчаскай Бібліі і іншых блізкіх да яе тэкстах. Яго асноўнымі крыніцамі з’яўляюцца:

Септуагінта. Грэчаскі пераклад Яўрэйскай Бібліі і тэкстаў, не ўключаных у яе. Датуецца III ст. да н.э. Грэчаскі Новы Запавет. У арыгінале складзены на грэчаскай мове.

Грэчаская мова Септуагінты Існуюць дыскусіі датычна таго, у якой ступені біблейская грэчаская супадала з тагачаснымі нормамі размоўнага кайнэ, і ў якой ступені біблейская грэчаская змяшчала спецыфічныя рысы семіцкага субстрату. Імаверна, яны былі выкліканы практыкай перакладу непасрэдна з яўрэйска- ці арамескаймоўных арыгіналаў, альбо рэгіянальнымі формамі грэчаскага маўлення, што былі распаўсюджаны сярод арамейскамоўных яўрэяў. Некаторымі рысамі, што абмяркоўваліся ў гэтым кантэксце, з’яўляюцца, напрыклад, нарматыўная адсутнасць у Септуагінце часціц μέν і δέ, выкарыстоўванне слова ἐγένετο і г.д. Некаторыя рысы біблейскага варыянта грэчаскай мовы, якія, меркавана, з’яўляюцца першапачаткова ненарматыўнымі, урэшце рэшт увайшлі ва ўжытак грэчаскай мовы.

Грэчаская мова Новага Запавету Грэчаская мова Новага Запавету мае менш выражаны характар семіцкага ўплыву ў адрозненне ад мовы Септуагінты. У прыватнасці, гэта звязана з тым, што старажытнаяўрэйская і біблейская арамейская мовы не з’яўляліся першачарговымі крыніцамі для перакладу тагачаснага Новага ЗапаветуFrederick Cornwallis Conybeare (1856—1924) Grammar of Septuagint Greek.

Грэчаская мова Святых Айцоў Тэрмін грэчаская мова Святых Айцоў часам выкарыстоўваўся для пазначэння варыянта грэчаскай мовы, што выкарыстоўваўся ў пісьменстве грэчаскіх Айцоў Царквы — раннехрысціянскіх багасловаў позняй антычнасці. Раннія хрысціянскія аўтары аддавалі перавагу ўжыванню простага стылю кайнэ, які быў адносна блізкім да тагачаснага размоўнага маўлення, прытрымліваючыся такім чынам прыкладу маўлення Бібліі. Па IV ст., калі хрысціянства стала афіцыйнаю рэлігіяй Рымскай імперыі, ва ўжытак патрапілі і больш пісьменныя формы кайнэHorrocks (1997: ch.5.11.).

Адрозненні між атычным дыялектам і грэчаскім кайнэ Даследаванне ўсіх крыніц, якія храналагічна адносяцца да перыяду ўжывання кайнэ, паказвае вызначаны пласт моўных змен у гутарковым маўленні. Прыкладам:

Змены ў граматыцы, у прыватнасці — у сінтаксісе. Змены ў марфалогіі, напрыклад змена мадэлей словаўтварэння. Змены ў слоўным запасе. Змены ў фаналогіі (вымаўленне).

Фаналогія На працягу перыяду існавання грэчаскага кайнэ ў значнай ступені адбыліся пэўныя фаналагічныя змяненні. Так, напрыклад, у пачатку існавання кайнэ яе фанетыка была практычна ідэнтычнай старажытнагрэчаскай, тады як у канцы свайго існавання фанетыка кайнэ наблізілася да фанетыкі ў сучаснай грэчаскай мове.

Сярод гэтых змен найперш адзначаюцца страта адрознення даўжыні галосных, замена сістэмы танальнага націску сістэмаю сілавога, манафтангізацыя некаторых дыфтонгаў:

Старажытнае адрозненне паміж доўгімі і кароткімі галоснымі паступова страцілася, і з II ст. да н.э. усе галосныя гукі набылі аднолькавую даўжыню. З II ст. да н.э. сістэма націску ў словах змянілася з тонавага на сілавы, гэта значыць музычны націск у складзе замяніўся на гучнейшы і/або мацнейшы. Аспірацыя (прыдыханне), якое ўжо на той момант было страчана ў іанічнай малаазіяцкай і эанійскай лесбаскай маўленчых формах, перастала вымаўляцца і ўказвацца ў тэкстах шырокага ўжытку. Знікненне ў вымаўленні і пісьме гука ι ў дыфтонгах з пачатковымі доўгімі галоснымі (ᾱͅ, ῃ, ῳ).