Жабенцяі́ (, ) — вёска ў Віцебскім раёне Віцебскай вобласці. Уваходзіць у склад Бабініцкага сельсавета. Плошча 95,2408 га. За 14,5 км на паўночны ўсход ад Віцебска, 21 км ад чыгуначнай станцыі Віцебск.

Гісторыя Згадваецца ў XV ст. як зямля Жыбенцяі, маёмасць Васіля Квасінскага ў Віцебскай зямлі Вялікага Княства Літоўскага. У 1494 годзе зямлю Жыбенцяі купіў намеснік мцэнскі і любуцкі Багдан Сапежыц і атрымаў пацвярджэнне вялікага князя літоўскага Аляксандра.

У 1635 годзе Жабенцяі вядомы як уласнасць пана Базыля Шапкі ў Віцебскім ваяводстве. У 1670 годзе каралеўшчына, тут 27 сялян-гаспадароў, кожны меў 1/2 службы. Плацілі 50 коп чыншу. Было 11 бабылёў, кожны меў агарод, бабылі ад плацяжоў былі вызвалены, неслі замкавую службу. У пачатку 18 стагоддзя прыватная ўласнасць віцебскіх базыльян. У час Паўночнай вайны вёска была спустошана і разрабавана, што выклікала вялікую смяротнасць насельніцтва, таму ў 1712 годзе віцебскі падкаморы Адам Кісель вызваліў жыхароў ад воінскай павіннасці.

Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе ў Расійскай імперыі, у Віцебскім павеце Пскоўскай, з 1776 года Полацкай губерняў. З 1796 года ў Беларускай, з 1802 года ў Віцебскай губернях. У 1863 годзе Жабенцяі ў складзе казённага маёнтка Пурыза. У 1905 годзе вёска належала Курынскаму сельскагаспадарчаму таварыству, якое мела 1559 дзесяцін зямлі.

У сакавіку 1924 года вернута ў склад БССР. З 20 жніўня 1924 года вёска ў Пышнякоўскім сельсавеце Суражскага раёна Віцебскай акругі (да 26 ліпеня 1930 года). У 1931 годзе ў вёсцы арганізаваны калгас. У ім працавала кузня. У 1940 годзе ў Жабенцяі пераселены жыхары населеных пунктаў Ляхі і Сонькава. З 20 лютага 1938 года ў Віцебскай вобласці.

У Другую сусветную вайну з сярэдзіны ліпеня 1941 года да канца снежня 1943 года вёска акупіравана нацысцкімі войскамі, якія ў час карнай аперацыі знішчылі тут 15 двароў і загубілі 3 мірных жыхароў. Вывезены на прымусовыя работы ў Германію 7 жыхароў. На франтах загінулі 12 вяскоўцаў і 2 у партызанскай барацьбе.

Да 22 снежня 1960 года вёска ўваходзіла ў склад Ботаніцкага сельсаветаРашэнне выканкома Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 22 снежня 1960 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1961, № 4 (924).. З 22 снежня 1960 года ў Бабініцкім сельсавеце Суражскага, з 20 студзеня 1960 года Віцебскага раёнаў.

Насельніцтва 13 двароў, 33 жыхары (1905) 21 двор, 99 жыхароў (1941) 115 гаспадарак, 263 жыхары (1997) 104 гаспадаркі, 216 жыхароў (2003) 51 гаспадарка, 118 жыхароў (2018)

Інфраструктура У 2018 годзе ў вёсцы працаваў магазін.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Бабініцкі сельсавет (Віцебскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Віцебскага раёна