Міха́л Віту́шка (; псеўданімы: Чорны Кот) — беларускі актывіст у міжваеннай Польшчы, калабарацыяніст падчас 2-й сусветнай вайны.

Паводле Сяргея Ярша, Вітушка быў кіраўніком арганізацыі беларускага антысавецкага супраціву «Чорны кот», але існаванне такой арганізацыі верагоднымі крыніцамі не пацверджана.

Біяграфія Вучыўся ў Клецкай і Віленскай беларускіх гімназіях, Віленскую скончыў у 1930 годзе. Вучыўся ў Пражскім універсітэце і Варшаўскім політэхнічным інстытуце, уваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый і Асветнага таварыства беларусаў у Варшаве.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР выконваў абавязкі начальніка міліцыі ў Нясвіжы. Арыштаваны органамі НКУС, неўзабаве вызвалены.

У ліпені 1941 года прыязджае з Нясвіжа ў Мінск, дзе бургамістр горада Вітаўт Тумаш прызначае яго намеснікам Дзмітрыя Касмовіча, каменданта гарадской паліцыі і начальніка аправізацыйнага аддзела гарадской управы. Адзін з стваральнікаў беларускай паліцыі ў Мінску. У жніўні 1941 года Міхал Вітушка камандзір аднаго з аддзелаў Беларускай самааховы на Заходнім Палессі, якая сумесна з Палескай Сеччу вяла партызанскія дзеянні супраць адступалых савецкіх войск. Увосень 1941 года пасля ўсталявання цывільнай нямецкай улады з’язджае ва ўсходнюю ваенную зону Беларусі. У канцы кастрычніка 1941 года разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю ў Бранску, сярод іншага займаецца зборам цёплых рэчаў у насельніцтва для Вермахта. Вясной 1942 года займаецца арганізацыяй нямецкай службы парадку ў Бранскай акрузе. 20 красавіка 1942 года накіраваны ў Смаленск, дзе таксама разам з Радаславам Астроўскім і Дзмітрыем Касмовічам арганізуе мясцовую адміністрацыю і службу парадку. Міхал Вітушка ўваходзіў у Цэнтральны камітэт Беларускай незалежніцкай партыі, ад якога атрымаў чын генерала. Загадам галоўнага ўпраўлення Імперскай Бяспекі ў Берліне пра прызначэнне (зацвярджэнне) «туземных камандзіраў» аперацыі «Любімая Котка» на тэрыторыі генеральнага камісарыяту Беларусь ад 27 лістапада 1943 года прызначаны кіраўніком арганізацыі «Чорны кот»Сяргей Ёрш. Беларускі Рэзыстанс № 2 (7), 2009.. У чэрвені 1944 года ўдзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе. Адзін з арганізатараў планаванага антынямецкага выступу ў Мінску, з мэтай абвяшчэнне незалежнай беларускай дзяржавы. З лета 1944 года — афіцэр дэсантнага батальёна «Дальвіц», маёр Беларускай краёвай абароны.

Дэсантаваны а 03:00 18 лістапада 1944 года на Віленшчыну на чале атрада з каля 30 чалавек, 7 студзеня 1945 года загунуў у баі з часцямі НКУС.Сямашка Я. Армія Краёва на Беларусі. — Мн., 1994. — С. 416. Цела Міхаіла Вітушкі апазнанна байцамі атрада «Комара», а яго савецкі пашпарт захоўваецца ў вышуковай справе, закрытай КДБ ЛітССР у 1950 годзе. Імаверна, пахаваны ў брацкай магіле байцоў атрада «Комара» ў Рудніцкай пушчы.

Паводле звестак Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка, 18 лістапада пад імем Вітушкі дэсантаваны іншы чалавек, а сам Вітушка дэсантаваны пазней — у ноч з 30 лістапада на 1 снежняЁрш С., Горбік С. Беларускі супраціў. — Львоў, 2006. — С. 148—155.. Паводле Сяргея Ярша, Вітушка пачаў дзейнасць у 1946 годзе, рэарганізаваў антысавецкі партызанскі рух цэнтральнай і заходняй Беларусі ў Беларускую вызваленчую армію. Кіраваў Беларускай незалежніцкай партыяй, рэдагаваў часопіс «За волю». Спыніў партызанскую дзейнасць, узначальваў падполле. У пачатку 1950-х гадоў вывеў ацалелыя партызанскія атрады праз Польшчу і Латвію на Захад; сам заставаўся ў Польшчы, адкуль кіраваў антысавецкім падполлем, а ў 1960-я гады перабраўся на Захад. У 2006 годзе, таксама Сяргей Ёрш, са спасылкай на вітушкава сына, паведамляў пра смерць Міхала Вітушка 27 красавіка 2006 года. Таксама ў 2006 годзе Сяргей Ёрш анансаваў планы публікацыі ўспамінаў Міхала Вітушкі, але станам на пачатак 2025 года ні пра сына Вітушкі, ні пра яго ўспаміны болей нічога не вядома.

Узнагароды 7 чэрвеня 1950 года Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выдала дэкрэт, паводле якога, узнагародзіўся Міхал Вітушка Ордэнам Пагоні.Дэкрэт аб узнагароджаньні Ордэнам Пагоні, 1950 г. Таксама быў узнагароджаны Ордэнам Зялезнага Рыцара 3-га класу.

Крыніцы

Літаратура

Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944—1956. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі

Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Беларусы ў Германіі Катэгорыя:Удзельнікі Другога Усебеларускага кангрэса Катэгорыя:Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц» Катэгорыя:Члены Беларускай краёвай абароны Катэгорыя:Члены Беларускай незалежніцкай партыі Катэгорыя:Члены арганізацыі «Чорны Кот»