Васі́ль Анто́навіч Шашале́віч (9 студзеня 1897, в. Мхінічы, цяпер Магілёўская вобласць — 23 кастрычніка 1941, ) — беларускі драматург і паэт.
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча і Ефрасінні Фамінічны. Брат пісьменніка Андрэя Мрыя (сапр. Андрэй Шашалевіч). У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Анастасія, Васіль, Аксіння. Бацька памёр у 1902 годзе і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады). У 1908 годзе Васіль Шашалевіч скончыў школу ў вёсцы Палуж, затым — Аршанскае духоўнае вучылішча. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай семінарыі (1910—1914) і Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915—1916), які праз матэрыяльныя праблемы не здолеў скончыць. У 1917—1919 гадах настаўнічаў у вёсцы Ясенцы.
У 1919—1924 гадах быў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў школе другой ступені мястэчка Краснаполле на Магілёўшчыне. Разам з братам і сёстрамі Аксінняй і Настассяй стварыў народны тэатр, для якога пісаў аднаактавыя абразкі. Дзякуючы намаганням Шашалевічаў у школе былі створаны хор і аркестр народных інструментаў і наладжаныя лекцыі на палітычныя і навукова-папулярныя тэмы. Таксама Шашалевічы стварылі драматычныя літаратурныя гурткі. Ставілі спектаклі паводле п’ес Астроўскага, Горкага і Чэхава. Разам з сёстрамі і мастаком Аляксандрам Грубэ рабілі дэкарацыі, касцюмы, бутафорыю, збіралі фальклор і ўключалі найлепшыя ўзоры ў канцэрты. Чыталі лекцыі «Навука і рэлігія», «Атэізм у расійскім жывапісе XIX стагоддзя», «Паходжанне жыцця на Зямлі», «Становішча на франтах грамадзянскай вайны». Прамаўлялі са сцэны вершы Аляксандра Блока, Дзям’яна Беднага, Уладзіміра Маякоўскага. Выходзіў рукапісны часопіс «Пралеска». Напісаў тут драму «Апраметная».
Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, Васіль Шашалевіч пераязджае ў Менск, сталіцу БССР, дзе да 1928 года працуе настаўнікам. У другой палове 1920-х гадоў працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы ў Ленінградзе.
Арыштаваны ДПУ БССР у ліпені 1930 года па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», быў пад следствам да лютага 1931 года. 30 снежня 1930 года быў выключаны з Беларускага драматычнага таварыства і адноўлены 20 сакавіка 1932 года. Паўторна арыштаваны 28 кастрычніка 1936 года ў Менску па адрасе: вуліца Вызвалення, д. 13, кв. 3. Прыгавораны пазасудовым органам НКУС 2 кастрычніка 1937 года як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасць» да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Адбываў пакаранне спачатку ў Магілёве, затым накіраваны ў Прымор’е, дзе прабыў у перасылцы восем месяцаў. Працаваў рахункаводам, рэгістратарам у санітарнай часці, выступаў у канцэртах, пісаў частушкі і скетчы. Прызнаны непрацаздольным камісіяй 27 лагернага пункта.
У Томасінлагу для аматарскага тэатра напісаў п’есу на тэму лагернага жыцця, пастаўленую зняволенымі ў сталоўцы. Змест п’есы не спадабаўся лагернаму кіраўніцтву і яе аўтара, хворага на сухоты, адправілі на лесапавал, дзе ён праз непрацаздольнасць быў улікоўцам. Там на Васіля Шашалевіча наўмысна спусцілі бярозу, якая прыціснула яго да вогнішчаШашалевіч Васіль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўн. У 6 т. Т. 6. Талалай — Яфімаў / Дадатак Ін-т літ. імя Я. Купалы АН Беларусі; Беларус. Энцыкл.; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэд. А. В. Малдзіса; Рэдкал.: І. Э. Багдановіч і інш. — Мн.: БелЭн, 1995. — С.358—359. — 684 с.. Пасля распілоўвання дрэва, моцна абгарэлага і абязвечанага Васіля Шашалевіча перавезлі ў зону. Засталіся звесткі, што ў пісьменніка выцеклі вочы. Памёр у санітарнай частцы. Месца пахавання невядомае. Пасмяротна рэабілітаваны Прэзідыумам Вярхоўнага суда БССР 19 кастрычніка 1955 года. Асабовая справа Васіля Шашалевіча № 9934-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Сям’я
Быў жанаты з Верай Сямёнаўнай Шашалевіч, гадаваў сына Генрыха, якога назваў у гонар нямецкага паэта Гайнрыха Гайнэ (пазней той змяніў імя на Генадзь). Жонку паэта Веру забіў гаспадар хаты Міхась Крыловіч, у якога яна кватаравала ў Волме, дзеля выкрадання атрыманай грашовай кампенсацыі за рэпрэсііі ў суме шасці тысяч рублёў. Забойца неўзабаве павесіўся.
Творчасць Друкавацца пачаў з верша «Сож» у 1927 годзе ў часопісе «Узвышша». Актыўную літаратурную дзейнасць пачаў у сярэдзіне 1920-х гадоў апавяданнямі і драматычнымі творамі.
Аўтар п’ес «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра») пастаўлена 16 траўня 1925 года Беларускай тэатральнай студыяй у Маскве. У 1926—1927 гадах «Апраметная» ставілася на сцэне БДТ-2, створанага на аснове Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве), «Змрок» (пастаўлена БДТ-1 у Менску 30 студзеня 1927), «Воўчыя вочы» (1928—1929), «Рой» (1931), «Сімфонія гневу» (пастаўлена БДТ-1 3 сакавіка 1935).
Перакладаў на беларускую мову драматычныя творы Антона Чэхава, раманы Івана Тургенева «Рудзін», «Дваранскае гняздо». Досыць прафесійна граў на віяланчэлі і скрыпцы, маляваў, пісаў сцэнарыі для кіно, збіраў і апрацоўваў народныя песні.
Творы Рой: (П’еса) // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Мн., 1975. Т. 2; Сімфонія гневу: (П’еса) // Тэатральная Беларусь. 1992, № 4.
Літаратура
Хведаровіч М. Мой шчыры, сціплы таварыш // ЛіМ. 1977, 7 студз.; Грахоўскі С. Аўтар «Сімфоніі гневу» // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986; Азгур З. Гаварыў ён шчыра… Згадка пра Васіля Шашалевіча ў яго 90-годдзе // ЛіМ. 1987, 9 студз.; Грахоўскі С. Два лёсы — дзве трагедыі // Маладосць. 1988, № 1.
Спасылкі
Васіль Шашалевіч — Воўчыя ночы (драматычныя абразы) // Узвышша. — 1929. — № 1 (13) — С. 54—71. Васіль Шашалевіч — Воўчыя ночы (драматычныя абразы) // Узвышша. — 1929. — № 4 (16) — С. 25—42.
Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша» Катэгорыя:Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі» Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Рэабілітаваныя ў СССР Катэгорыя:Драматургі Беларусі