Царква Казанскай іконы Божай Маці (чыгуначная) — колішні драўляны праваслаўны храм у Мінску, які размяшчаўся на цяперашняй плошчы Мяснікова.

Гісторыя Гісторыя царквы звязана з будаўніцтвам Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак, якія прайшлі праз Мінск у 1870-х гадах. Пуці праляглі за мяжой Мінска, на захад ад гістарычнага цэнтра, і гэта частка горада пачала інтэнсіўна развівацца і забудоўвацца. Узніклі невялікія, кампактныя пасёлкі, дзе, галоўным чынам, пражывалі службоўцы і рабочыя чыгунак. Жыхары гэтых пасёлкаў галоўным чынам былі праваслаўнага веравызнання, і хутка ўзнікла пытанне аб стварэнні самастойнага прыходу і аб будаўніцтве новага праваслаўнага храма для гараджан.

У 1889 годзе быў выдадзены ўказ Сінода, паводле якога быў атрыманы дазвол на будаўніцтва першапачаткова невялікай драўлянай царквы. Адначасова мінскія гарадскія ўлады выдзелілі пляц на скрыжаванні вуліц Захар’еўскай і Нова-Маскоўскай.

Драўляная Казанская прывакзальная чыгуначная царква пабудавана ў 1890 на месцы старой капліцы і ўчастка Г. А. Шапіры. Плошча храма складала 540 кв. аршынаў. Пры храме працавала аддзяленне епархіяльнага вучылішчнага савета, старшынёй якога быў настаяцель царквы.

Царква некалькі разоў рэканструявалася. Спачатку яна была невялікага памеру і была прамавугольнай у плане, але ўжо да 1898 г. на дабрачынныя ахвяраванні была пашырана і атрымала крыжападобны план з невялікім драўляным купалам па цэнтры«Медные колокола были слышны за несколько километров от современной площади Мясникова»: история Казанской церкви 15.03.2018 .

У 1914 годзе, пасля пабудовы па суседстве новага мураванага храма, частка драўлянай царквы выкарыстоўвалася пад склад царкоўных рэчаў. У другой частцы жыў калежскі сакратар, сакратар крымінальнага аддзела Мінскага акруговага суда Васіль Сцяпанавіч Траццякоў. Побач знаходзілася стаянка для легкавых і ламавых рамізнікаў. Царква мела 1-павярховыя драўляныя прычтавы дом (пл. 312 кв. арш.) і флігель (пабудаваны ў 1890; трыв.; пл. 234 кв. арш.), а таксама адрыну (пл. 96 кв. арш.), пабудаваныя ў 1890 годзе, і 700 кв. саж. уласнай зямлі.

Пасля закрыцця храма ў яго будынку ў 1935—1939 гадах размяшчаўся філіял № 3 імя Л. Талстога бібліятэкі імя А. Пушкіна, у 1939—1940 — Клуб глуханямых (пераехаў з суседняга будынка — Савецкая, д. 3).

Царква зноў адкрыта ў другой палове 1941 года. 11 ліпеня 1943 епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Філафеем (Нарко) у Казанскую чыгуначную царкву пераведзены Мікалай Драгун. Драгун арыштаваны 22.7.1944 і асуджаны 4.7.1945 за «супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і антысавецкую дзейнасць» дa 10 гадоў ППК.

Пасля вайны стала Крыжовай (архірэйскай). Да 1949 г. рамантавалася. Царква разбурана ў час хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі ў першай палове 1960-х гг. Сёння на месцы храма знаходзіцца частка пл. Мяснікова перад д. 41 па вул. Мяснікова.

Архітэктура Твор народнага дойлідства. Была вырашаны простым прамавугольным зрубам са званіцай. Над бляшаным дахам узвышалася макаўка. Фасады чляніліся 12 аконнымі праёмамі. Мела 3 уваходы.

Настаяцелі 1900—1901 — Пётр Перабіла; 1901 −1907 — Іпаліт Квачэўскі, благачынны цэркваў Мінска. Пражываў з сям’ёй у прычтавым доме.

Літаратура

Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:1890 год у Мінску Катэгорыя:Зніклі ў 1960-я гады Катэгорыя:Колішнія праваслаўныя храмы Мінска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай