Артур Вулгар Верал (; 5 лютага 1851, Брайтан — 18 чэрвеня 1912, Кембрыдж) — брытанскі вучоны-антыказнавец, які працаваў у Трыніці-каледжы пры Кембрыджскім універсітэце. Стаў першым кіраўніком прафесуры імя караля Эдуарда VII па англійскай літаратуры. Вядомы сваімі наватарскімі, але спрэчнымі інтэрпрэтацыямі старажытнагрэчаскіх драматургаў.
Жыццяпіс Артур Вулгар Верал, сын юрыста, нарадзіўся 5 лютага 1851 года ў Брайтане, на поўдні Англіі. Ён атрымаў адукацыю ў Твайфардскай школе, Велінгтонскім каледжы ў Беркшыры і Трыніці-каледжы пры Кембрыджскім універсітэце, дзе ў 1872 годзе скончыў навучанне са ступенню бакалаўра мастацтваў, заняўшы другое месца сярод вучняў-класікаў. З 1871 года Верал быў членам тайнага студэнцкага таварыства «Кембрыджскія апосталы».
Абраны членам Трыніці-каледжа ў 1874 годзе, ён займаў там пасаду выкладчыка з 1877 па 1911 год. У лютым 1911 года ён быў прызначаны прафесарам на новаствораную кафедру англійскай літаратуры імя караля Эдуарда VII у Кембрыджы, якая была заснавана дзякуючы ахвяраванням газетнага магната Гаральда Сідні Хармсварта. У 1889—1899 гадах Верал быў настаўнікам у Трыніці-каледжы, сярод яго вучняў быў у будучыні вядомы акультыст Алістэр Кроўлі.
У 1882 годзе Верал ажаніўся з Маргарэт дэ Годрыян Мерыфілд. Яго жонка, выкладчыца класічнай філалогіі ў Ньюнэм-каледжы, атрымала вядомасць дзякуючы сваім даследаванням у галіне псіхічных з’яў, цікавасцю да якіх яны з мужам падзялялі. Яна была вядома як медыум. Маргарэт Мерыфілд ўваходзіла ў круг кембрыджскіх навукоўцаў, якія былі аднымі з першых даследнікаў спірытызму і аўтаматычнага пісьмаRita McWilliams Tullberg, ‘Verrall, Margaret de Gaudrion (1857—1916)’, Oxford Dictionary of National Biography, Oxford University Press, Sept 2004; online edn, May 2007. . Іхняя дачка Хелен выйшла замуж за Уільяма Генры Солтэра, які пасля (у 1947—1948 гадах) узначальваў Таварыства псіхічных даследаванняў. Маці і дачка былі сярод медыумаў, якія ўдзельнічалі ў «Справе Вербнай нядзелі» (), калі, як меркавалася, з дапамогай аўтаматычнага пісьма былі атрыманы пасланні ад памерлай Мэры Кэтрын Літлтан яе каханаму Артуру Бэлфару (50-ы прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі).
Артур Вулгар Верал памёр 18 чэрвеня 1912 года ў Кембрыджы. Пахаваны на парафіяльных могілках Ушэсця ў Кембрыджы разам са сваёй жонкай (памерла 2 ліпеня 1916 года) і дачкой, Феабай Маргарэт дэ Годрыян Верал (1888—1890). Партрэт Верала, напісаны Фрэдэрыкам Ейтсам, захоўваецца ў калекцыі Трыніці-каледжа ў Кембрыджы. Верал даводзіўся дзядзькам Джоан Ходсан Рыв’ер, вядомаму псіхааналітыку і члену Брытанскага псіхааналітычнага таварыстваF. Robert Rodman, Winnicott, life and work, Da Capo Press, 2004..
Ацэнка прац Верал вядомы сваімі перакладамі і смелымі, неартадаксальнымі інтэрпрэтацыямі старажытнагрэчаскіх драматургаў, такімі як яго каментары да эсхілавай трагедыі «Агамемнан». Крытыкі знаходзілі яго інтэрпрэтацыі залішне выдасканаленымі і штучнымі, якія часта ігнаруюць відавочныя тлумачэнні ва ўгоду заблытаным тэорыям. У цяперашні час яго апублікаваныя працы не карыстаюцца высокай адзнакайRichard Smail, ‘Verrall, Arthur Woollgar (1851—1912)’, Oxford Dictionary of National Biography, Oxford University Press, 2004..
Праца Верала «Эўрыпід-рацыяналіст» () аказала значны ўплыў на сучасную яму навуковую супольнасць.
Пасля смерці Верала яго вучні М. А. Бэйфілд і Дж. Д. Даф падрыхтавалі да выдання зборнікі яго літаратурных эсэ: «Збор літаратурных эсэ: класіка і сучаснасць» (Collected Literary Essays, Classical and Modern) і «Збор эсэ па грэчаскай і лацінскай філалогіі» (Collected Essays in Greek and Latin Scholarship).
Крыніцы
Спасылкі Працы Артура Вулгара Верала на сайце «Project Gutenberg» Працы Артура Вулгара Верала на сайце «Архіў Інтэрнэту» Vita of Mrs. A. W. Verrall
Катэгорыя:Антыказнаўцы Вялікабрытаніі Катэгорыя:Вучоныя-антыказнаўцы Кембрыджскага ўніверсітэта Катэгорыя:Даследчыкі старажытнагрэчаскай літаратуры Катэгорыя:Сапраўдныя члены Трыніці-каледжа (Кембрыдж)